Мінск 06:47

Ціханоўская: Улада дыктатараў абапіраецца не на праўду, а на фізічны гвалт

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

20 верасня, Позірк. “Без ведаў не можа быць дэмакратыі, а для сапраўдных ведаў неабходная свабода”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 20 верасня на адкрыцці міжнароднай канферэнцыі “Розум за кратамі: філасофія ў турме”.

Канферэнцыя арганізаваная ў Вільнюсе на знак салідарнасці з беларускім палітвязнем і філосафам Уладзімірам Мацкевічам.

Ціханоўская, якую цытуе яе прэс-служба, падкрэсліла ў выступе ролю ведаў і свабоды думкі ў дэмакратычным грамадстве, а таксама звярнула ўвагу на “ціск рэжыму на беларускую інтэлектуальную супольнасць”.

Паводле слоў палітыка, “рэжыму не трэба ведаць, што напраўду думаюць людзі”, яму “патрэбныя не эксперты, а слугі”.

“Праўда прыносіцца ў ахвяру агрэсіўнай ідэалогіі “рускага свету”. Улада дыктатараў грунтуецца не на веданні праўды, а ў першую чаргу на фізічным гвалце. Але гвалт таксама накіраваны супраць чалавечага розуму”, — адзначыла дэмлідар.

Ціханоўская дадала, што калі чалавек “вымушаны называць правільным” тое, што няправільна, і наадварот — “гэта гвалт над вашым розумам і душой”. “Вы можаце захаваць сваё крэсла, але страціце аўтарытэт як інтэлектуал. На жаль, так ідзе справа сёння з многімі навукоўцамі ў Беларусі”, — удакладніла яна.

“Мы ўсе марым пра Беларусь, дзе думаць і казаць праўду не будзе злачынствам. Дзе інтэлектуалы не будуць маргіналізаваныя і кінутыя за краты. Упэўненая, гэтая мара спраўдзіцца. Такія творчыя і таленавітыя людзі, як беларусы, не змогуць доўга мірыцца з тыраніяй”, — заявіла Ціханоўская.

23 чэрвеня 2022 года Мінскі абласны суд прыгаварыў Мацкевіча да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Сяргей Епіхаў, унесены ў санкцыйныя спісы дэмакратычных краін Захаду, прызнаў яго вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта). Працэс адбываўся з 9 чэрвеня ў закрытым рэжыме. 30 верасня Вярхоўны суд па выніках разгляду апеляцыі пакінуў прысуд у сіле.

Філосафу паставілі ў віну “грубае парушэнне грамадскага парадку” падчас пратэстнай акцыі ў Мінску 25 кастрычніка 2020 года.

Таксама Мацкевіча абвінавацілі ў тым, што са жніўня 2020-га ён на працягу года “стварыў і кіраваў экстрэмісцкім фарміраваннем”, у рамках якога “вырабляў і размяшчаў у Telegram-каналах, старонцы ў Facebook і платформе “Сход” матэрыялы, якія ўтрымлівалі загадзя ілжывыя звесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным, міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, а таксама негатыўную ацэнку прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў”.

Акрамя таго, паводле версіі абвінавачвання, філосаф абразіў Аляксандра Лукашэнку ў апублікаваным 7 траўня 2021 года відэароліку.

У лютым 2022 года Мацкевіч правёў амаль двухтыднёвую галадоўку ў СІЗА № 1 у Мінску, пратэстуючы супраць таго, што з ім не праводзілася следчых дзеянняў. Філосаф не прызнаў віну і заявіў, што падставай для затрымання і абвінавачвання сталі яго артыкулы, выказванні, ідэі і думкі.

15 лютага 2023 года Мацкевіча перавялі ў магілёўскую турму № 4 са шклоўскай калоніі № 17 згодна з рашэннем суда Шклоўскага раёна ад 13 лютага (Магілёўская вобласць).

Уладзімір Мацкевіч — грамадска-палітычны дзеяч, тэлевядучы, заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, першы старшыня рады Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь”, заснавальнік “Лятучага ўніверсітэта”.

Падзяліцца: