Мінск 18:08

Прадстаўнік МЗС РФ пагражае Украіне і “яе спонсарам” за любую агрэсію супраць Беларусі

Архіўнае фота: МЗС РФ

20 верасня, Позірк. З пагрозамі на адрас Кіева і, верагодна, краін Захаду ў выпадку якой-небудзь агрэсіі ў дачыненні да Беларусі выступіла афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расіі Марыя Захарава на брыфінгу 20 верасня на палях IV Еўразійскага жаночага форуму ў Санкт-Пецярбургу.

“Практычная рэалізацыя любых агрэсіўных у дачыненні да Мінска сцэнарыяў прывядзе да згубнага наступства не толькі для неанацысцкай Украіны, але і для яе спонсараў”, — цытуе яе ТАСС.

Адметна, што “неанацысцкай” Украіну назвала прадстаўнік РФ — краіны, якая развязала супраць суседкі поўнамаштабную вайну, шмат у чым ідэалагічна звязаную з адмаўленнем украінскай дзяржаўнасці і ўкраінцаў як асобнага народа.

Заява Захаравай з’явілася праз тры дні пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка, завочна звяртаючыся да “праціўнікаў, сапернікаў, тых, хто не разумее яшчэ”, сказаў, што “напад на Беларусь — гэта трэцяя сусветная вайна”.

Абедзьве заявы выглядаюць беспадстаўнымі. Украіна выбудоўвае лінію абароны на мяжы з Беларуссю, рыхтуючыся да малаверагоднага, паводле ацэнак экспертаў, але магчымага ўварвання расійскіх войскаў з беларускай тэрыторыі, як гэта было ў лютым 2022 года. Краіны Захаду ўмацоўваюць мяжу на фоне міграцыйнага крызісу, які, як сцвярджаецца, арганізаваны рэжымамі ў Мінску і Маскве, а таксама ў сувязі з гіпатэтычнай пагрозай з боку рэжыму Лукашэнкі, які шчыльна супрацоўнічае ў вайсковым плане з Крамлём.

У той жа час у ліпені, жніўні і верасні неаднаразова фіксаваліся выпадкі ўварвання ў паветраную прастору Беларусі ўдарных беспілотнікаў, якімі РФ атакуе Украіну, некалькі з іх збілі. Факт парушэння мяжы дронамі было вымушанае прызнаць як Міністэрства абароны, так і Лукашэнка.

Падзяліцца: