Мінск 23:27

Пра чарговыя новаўвядзенні для кліентаў абвясціў шэраг банкаў Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: Rupixen / unsplash.com

20 верасня, Позірк. Шэраг банкаў, якія працуюць у Беларусі, абвясціў пра змяненні некаторых правілаў у працы з кліентамі, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг.

Банк “Дабрабыт” запусціў крэдытны прадукт для фізічных асоб на набыццё тавараў беларускай вытворчасці. Тэрмін крэдытавання — 36 месяцаў, працэнтная стаўка — 4% гадавых, максімальная сума — 12 тыс. рублёў на ўсе групы тавараў (на куплю камплектаў для будаўніцтва драўляных дамоў, зборных драўляных збудаванняў і вырабаў максімальная сума — 20 тыс. рублёў).

“Белгазпрамбанк” прадставіў картку Visa Infinite Optima, да якой, як запэўнівае фінансавая арганізацыя, прыкладаюцца “прэміяльнае абслугоўванне”, “спецыяльныя прапановы і зніжкі ў лепшых рэстаранах, гатэлях і забаўляльных установах” у Беларусі і за мяжой. Трымальнікам абяцаюць доступ да VIP-залаў у міжнародных аэрапортах, страхавое пакрыццё да 2,5 млн долараў — ад медыцынскіх паслуг за мяжой да выпадкаў затрымкі або скасавання авіярэйсаў, а таксама вяртанне часткі выдаткаваных сродкаў за кожны набытак.

“Белінвестбанк” абвясціў пра паслугу па рэгістрацыі валютных дагавораў для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Для яе падключэння неабходна заключыць з банкам дагавор аферты. Ад аперацый, дапамога ў здзяйсненні якіх патрабуецца бізнесу, будзе залежаць кошт паслугі: рэгістрацыя (змена) валютнай дамовы — 12 рублёў + ПДВ; унясенне інфармацыі пра выкананне абавязацельстваў па валютнай дамове (у тым ліку на запыт Нацыянальнага банка) — 7 рублёў + ПДВ.

“БНБ-Банк” прыпыніў выпуск і перавыпуск пластыкавых картак Visa Classic у сувязі з “чаканнем новай партыі нарыхтовак”. Кліентам прапанавана аформіць праз мабільны дадатак BNB-Bank лічбавую картку Visa Classic або лічбавую і пластыкавую картку Mastercard Standard з аналагічнымі ўмовамі і функцыяналам.

Банк “ВТБ (Беларусь)” перастаў спаганяць плату за выдачу даведак — на фірмовым бланку з пячаткай — пра поўнае выкананне абавязацельстваў па крэдытных дагаворах фізічных асоб. Акрамя таго, на 0,3–2 працэнтныя пункты зніжаныя стаўкі па новых укладах у расійскіх рублях, якія афармляюцца ў офісах банка.

“Парытэтбанк” у 5 разоў павялічыў максімальную суму крэдыту на любыя мэты ў рамках прадукту #будучыя грошы — да 100 тыс. беларускіх рублёў. Першыя тры месяцы дзейнічае льготная стаўка — 10,9% гадавых, пасля прымяняецца стаўка РВСР. Тэрмін крэдытавання на выбар кліента — 48, 60, 72, 84, 96, 108 або 120 месяцаў. Даведка пра даходы патрабуецца толькі пры суме крэдыту больш за 60 тыс. рублёў. Крэдыт можна пагасіць датэрмінова.

“Прыёрбанк” запусціў плацежны сэрвіс Swoo Pay для трымальнікаў картак Visa, які дазваляе плаціць за пакупкі з дапамогай Android-смартфона паўсюль, дзе працуюць тэрміналы для бескантактавай аплаты. Для выкарыстання патрабуецца ўсталёўка бясплатнага дадатку.

“Тэхнабанк” вызначыў тарыф на пераводы ў еўра фізічнымі асобамі са сваіх бягучых рахункаў у Польшчу — 30 еўра +1,5% ад сумы транзакцыі (можа спаганяцца ў рублях па курсе Нацбанка на дзень аплаты).

На 1 ліпеня 2024 года ў краіне зарэгістравана 22 банкі (адзін з іх — “Дэльта Банк” — знаходзіцца ў стадыі банкруцтва).

Агульная колькасць укладчыкаў банкаў на 1 ліпеня складала 1.051.890 — на 0,5% менш, чым на аналагічную дату 2023-га (1.057.464), і на 5,6% менш, чым на 1 ліпеня 2022-га (1.114.182), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага банка.

У красавіку — чэрвені аб’ём размешчаных укладаў праз сістэму дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання склаў 1 млрд 246,1 млн рублёў (годам раней — 775 млн рублёў; +60,8%).

У другім квартале аб’ём укладаў, перааформленых у іншую валюту, зменшыўся да 78,8 млн рублёў у эквіваленце (годам раней — да 91,8 млн). Паводле даных рэгулятара, “падтрымліваецца асноўны трэнд — пераафармленне валютных укладаў у рублёвыя”.

Пасля заканчэння тэрміну падоўжана дзеянне дагавораў укладаў ва ўсіх валютах на суму 1 млрд 293,6 млн рублёў у эквіваленце (1 млрд 435,6 млн; -9,9%), што склала 40,3% агульнага аб’ёму размешчаных укладаў фізічных асоб (36,4%; +3,9 працэнтнага пункта).

Падзяліцца: