Мінск 20:52

Улады перарэгістравалі БПЦ, ад астатніх рэлігійных арганізацый чакаюць дакументы да 5 ліпеня 2025 года

Будынак Мінскай епархіі БПЦ
Ілюстрацыйнае фота: church.by

20 верасня, Позірк. Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы (юрыдычна — рэспубліканскае рэлігійнае аб’яднанне “Беларуская праваслаўная царква”, БПЦ) першым прайшоў перарэгістрацыю, паведамляюць дзяржСМІ.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, які перадаў 20 верасня адпаведныя дакументы кіраўніцтву БПЦ, паведаміў журналістам, што астатнія рэлігійныя арганізацыі павінны прадставіць матэрыялы для перарэгістрацыі не пазней за 5 ліпеня 2025 года. Такі тэрмін, паводле яго слоў, ім адведзены законам “Аб змене законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый” ад 30 снежня 2023 года.

Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Мінскі гарадскі і шэсць абласных выканкамаў павінны ўнесці звесткі пра рэлігійныя арганізацыі ў Адзіны дзяржрэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР) да 1 студзеня 2026 года.

Паводле слоў Румака, уключэнне рэлігійных арганізацый у АДР — “вельмі важная навацыя”, якая, як лічыць чыноўнік, будзе садзейнічаць іх уліку.

Згаданым законам сярод іншага ўнесеныя папраўкі ў закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, што фактычна забараняюць гэтым арганізацыям праяўляць палітычную актыўнасць не ў фарватары ўладаў.

Дакумент забараняе “выкарыстанне ў месцах набажэнстваў любой сімволікі, акрамя рэлігійнай, размяшчэнне тэкстаў і малюнкаў, накіраваных на распальванне рэлігійнай варожасці і варажнечы”. Рэлігійным арганізацыям забараняецца займацца дзейнасцю, скіраванай “супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды” (так можа быць расцэненая любая праява нелаяльнасці), палітычнай дзейнасцю, удзельнічаць у працы палітычных партый.

БПЦ узначальвае мітрапаліт Веніямін — першы ўраджэнец Беларусі на чале экзархата. Святы сінод РПЦ прызначыў яго на мінскую кафедру 25 жніўня 2020 года. Веніямін змяніў мітрапаліта Паўла (цяпер мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі, патрыяршы намеснік Маскоўскай мітраполіі), які быў адкліканы з Беларусі неўзабаве пасля пачатку поствыбарных пратэстаў, адзначыўшыся выказваннямі пра гвалт, у тым ліку з боку сілавікоў, наведваннем у бальніцы пацярпелых падчас акцый.

Арцыбіскуп Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, які памёр летась у красавіку, — адзіны з праваслаўных архірэяў БПЦ, які адкрыта асудзіў гвалт з боку сілавікоў і беззаконне з боку ўладаў у цэлым пасля выбараў 2020 года, — быў у чэрвені 2021-га адпраўлены на спачынак. Пасля ён заявіў журналістам, што яго адстаўка — палітычнае рашэнне.

За чатыры гады рэпрэсіі ў Беларусі ў тым ці іншым выглядзе зазнала каля двух дзясяткаў прадстаўнікоў праваслаўнай царквы. Некаторыя з іх пакінулі краіну і перайшлі пад юрысдыкцыю Канстанцінопальскай і Польскай праваслаўных цэркваў.

На гэтым фоне структуры БПЦ адкрыта падтрымліваюць Расію ў развязанай ёю вайне з Украінай. Напрыклад, мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр рэгулярна ўдзельнічае ў акцыях у падтрымку расійскай агрэсіі. 7 студзеня 2023 года падчас наведвання кляштара Аляксандр Лукашэнка падтрымаў збор дапамогі для расійскіх вайскоўцаў на фронце.

Рэпрэсіі ў Беларусі таксама зазнаюць прадстаўнікі каталіцкага касцёла, грэка-каталіцкай царквы, пратэстанцкіх дэнамінацый.

Падзяліцца: