Мінск 05:10

Кіраўніца USAID: ЗША працягнуць падтрымліваць народ Беларусі ў імкненні да свабоды

Скрыншот: відэазапіс USAID

20 верасня, Позірк. Злучаныя Штаты Амерыкі працягнуць падтрымліваць беларускі народ, заявіла кіраўніца Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) Саманта Паўэр, каментуючы адкрыццё офіса па Беларусі ў Вільнюсе.

“На працягу апошніх 25 гадоў USAID падтрымлівае беларускі народ, — адзначыла яна. — На пачатку 2000-х гадоў, калі больш за чвэрць краіны ўсё яшчэ пакутавала ад радыеактыўнага забруджвання пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе, USAID падтрымлівала праграму аздараўлення для дапамогі людзям, якія пацярпелі ад ядзернага ўздзеяння”.

Калі Беларусь “імкнулася трансфармаваць сваю эканоміку з высокай удзельнай вагай дзяржаўнага сектара”, агенцтва, паводле слоў яго адміністратара, “інвеставала ў прыватны сектар, засяродзіўшы ўвагу на малых і сярэдніх прадпрыемствах і стартапах, падтрымліваючы прадпрымальнікаў і інжынераў у раскрыцці іх інавацыйнага патэнцыялу”.

“З 2005 па 2016 год экспарт ІТ вырас у 30 разоў, і Беларусь стала вядомая як Крамянёвая даліна Усходняй Еўропы, — сказала Паўэр. — Многія тэхналагічныя прадпрымальнікі сталі асноўнай рухаючай сілай больш шырокага дэмакратычнага руху ў сваёй краіне, надаючы бяспечныя каналы лічбавай сувязі, платформы для краўдсорсінгу і механізмы маніторынгу выбараў, каб дапамагчы людзям арганізавацца і выжыць ва ўмовах значных рэпрэсій”.

Падчас пандэміі COVID-19, адзначыла яна, USAID выдзеліла 1,7 млн долараў, каб “дапамагчы беларускаму народу ў выратаванні жыццяў”, супрацоўнічала з грамадскімі арганізацыямі і супольнасцямі “для распаўсюду крытычна важных медыцынскіх сродкаў і падтрымкі кампаніі грамадскай аховы здароўя, якая ахапіла больш за 2 млн чалавек”, давала “дакладную інфармацыю пра прафілактыку ковіду”.

“У 2020 годзе тысячы смелых беларускіх рэфарматараў выйшлі на вуліцы, — нагадала Паўэр. — Яны заклікалі да свабоднай і дэмакратычнай будучыні для сваёй краіны. Праз чатыры гады беларусы працягваюць дэманстраваць сваю прыхільнасць да гэтай будучыні, нягледзячы на арышты, запалохванні і гвалт. І Злучаныя Штаты працягнуць падтрымліваць беларускі народ у гэтым імкненні да свабоды”.

“Наша новае самастойнае прадстаўніцтва па Беларусі дазволіць USAID лепш падтрымліваць беларускі народ у прасоўванні дэмакратычных прынцыпаў, незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці і прадпрымальніцтва. Гэты крок сведчыць пра нашую гатоўнасць інвеставаць у развіццё Беларусі. Для офіса няма больш прыдатнага месца, чым Літва, улічваючы яе натхняльную гісторыю дэмакратычнага прагрэсу, а таксама тое, што яна была атрымальнікам дапамогі USAID, а цяпер — донарскі партнёр”, — дадала адміністратар агенцтва.

Паводле слоў Паўэр, USAID “увесь час натхняецца” смеласцю, трываласцю і нязменнай прыхільнасцю народа ў тым, каб жыць у свабоднай і квітнеючай Беларусі. “Мы з нецярпеннем чакаем магчымасці падтрымаць вашу важную працу”, — запэўніла яна.

20 кастрычніка 2021 года ўрад Беларусі праінфармаваў Злучаныя Штаты, што з 20 лістапада офісы амбасады ЗША ў галіне грамадскай дыпламатыі і USAID у Мінску будуць прымусова закрытыя.

У сярэдзіне снежня офіс USAID цалкам спыніў працу ў Беларусі, якая вялася з 1999 года.

Беларуская місія амерыканскага агенцтва USAID адкрыла офіс у Вільнюсе

20 верасня, Позірк. Місія Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) у Беларусі адкрыла 20 верасня офіс у Вільнюсе (Літва). Як паведамляе прэс-служба USAID, на цырымоніі адкрыцця памочнік адміністратара агенцтва Эрын Элізабэт МакКі заявіла аб далейшай падтрымцы місіяй дэмакратычных памкненняў беларусаў. …
Падзяліцца: