Мінск 12:43

Лукашэнка запэўнівае, што выступае за “пашырэнне ўзаемапаважлівага і канструктыўнага дыялогу з Ерэванам”

Ерэван
Крыніца: pixabay.com

21 верасня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка “ад імя ўсіх беларусаў і сябе асабіста” павіншаваў прэзідэнта Арменіі Ваагна Хачатурана і “дружалюбны народ гэтай краіны” з Днём незалежнасці, паведамляе яго прэс-служба.

Беларусь і Арменію, паводле яго сцвярджэння, звязваюць “трывалую сувязь дружбы, агульная гісторыя, традыцыйныя сямейныя і хрысціянскія каштоўнасці”.

Грамадзян “згуртоўваюць” перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, “сумеснае гераічнае пераадоленне” наступстваў Спітакскага землятрусу 1988 года, “удзел у інтэграцыйных структурах і цеснае дзелавое партнёрства”, лічыць Лукашэнка.

Ён “выказаў упэўненасць”, што “ў цяперашніх умовах, для таго каб выдужаць і працягваць паспяхова развівацца, трэба аб’ядноўвацца і супрацоўнічаць”.

Паводле слоў Лукашэнкі, Мінск “і надалей працягне выступаць за пашырэнне ўзаемапаважлівага і канструктыўнага дыялогу з Ерэванам”.

Ён пажадаў Хачатурану “моцнага здароўя і плённай дзейнасці на адказнай дзяржаўнай пасадзе”, а ўсім армянам — “міру, дабра і квітнення”.

У мінулыя гады віншаванне Лукашэнкі ў гэты дзень было адрасавана прэзідэнту і прэм’ер-міністру краіны, пры гэтым народ у якасці адрасата не згадваўся.

У апошнія месяцы паміж кіраўніцтвам краінаў назіраецца канфлікт.

2 чэрвеня, выступаючы перад парламентам, кіраўнік урада Арменіі Нікол Пашынян заявіў аб магчымым выхадзе краіны з Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), у якую ўваходзяць таксама Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. У апошні час Ерэван байкатуе ўсе мерапрыемствы, якія праходзяць па лініі АДКБ, фактычна замарозіўшы свой удзел у ёй.

13 чэрвеня Пашынян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску знаходзіцца Лукашэнка. Кіраўнік армянскага ўрада сказаў пра гэта ў кантэксце заяў Лукашэнкі аб карабахскім канфлікце на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня.

Пасля заявы Пашыняна, 13 чэрвеня, амбасадар Арменіі ў Беларусі быў выкліканы ў Ерэван для кансультацый.

У той жа дзень афіцыйны Менск адклікаў амбасадара краіны ў Арменіі Аляксандра Канюка для кансультацый. Пры гэтым у МЗС Беларусі заявілі, што “Мінск не мае намеру пагаршаць адносіны з Ерэванам, колькі б армянскае кіраўніцтва да гэтага ні падштурхоўвалі знешнія гульцы”.

21 жніўня дэмакратычныя сілы Арменіі запатрабавалі ад уладаў краіны “неадкладна разарваць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю да зняцця дыктатара Лукашэнкі з пасады”. З гэтым і іншымі палітычнымі патрабаваннямі іх прадстаўнікі выйшлі 21 жніўня да беларускага пасольства. Прадстаўнікі партыі “У імя Рэспублікі” закідалі дыпмісію яйкамі, памідорамі і бульбай.

У той жа дзень у беларускі МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Арменіі ў Мінску Нарак Ціратуран.

“Армянскі дыпламат быў падрабязна праінфармаваны аб здзейсненым групай асоб акце вандалізму ў дачыненні да будынка пасольства Беларусі ў Ерэване, нанесеным беларускай дыпмісіі ўрону і яўна недастатковых мерах армянскіх праваахоўных органаў па яго прадухіленні”, — гаварылася ў паведамленні знешнепалітычнага ведамства.

Падзеі ля будынка пасольства Беларусі пачалі развівацца пасля інтэрв’ю Лукашэнкі дзяржаўнаму тэлеканалу РФ “Расія”, у якім ён раскрытыкаваў курс армянскіх улад на збліжэнне з Захадам.

28 жніўня стала вядома, што амбасадар Беларусі ў Арменіі Аляксандр Канюк, верагодна, вярнуўся ў Ерэван. Аб яго сустрэчы з вярхоўным патрыярхам, каталікосам усіх армян Гарэгінам Другім паведаміла ў той дзень прэс-служба МЗС Беларусі.

6 верасня кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў наведалі месца будаўніцтва армянскай царквы ў сталіцы і сустрэліся з прадстаўнікамі армянскай дыяспары.

12 верасня Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў пагаршэнні адносін з Арменіяй віны Беларусі няма.

АДКБ стварае “пагрозы бяспецы” Арменіі, яе “будучаму існаванню, суверэнітэту і дзяржаўнасці”, заявіў Пашынян 18 верасня ў Ерэване на II Сусветным армянскім саміце.

Падзяліцца: