Мінск 18:18

З пачатку года ў Беларусі адбылося 386 лясных пажараў

Фота: Мінлясгас

22 верасня, Позірк. З пачатку 2024 года ў лясным фондзе Беларусі ліквідавана 386 пажараў, паведамляе прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі.

За мінулыя суткі ліквідавана шэсць узгаранняў у лясах на агульнай плошчы 0,7 гектар.

Пажары адбыліся ў Ганцавіцкім і Пінскім раёнах (Брэсцкая вобласць), Чачэрскім (Гомельская), а таксама Гродзенскім і Магілёўскім.

Ведамства заклікала грамадзян “быць максімальна асцярожнымі пры наведванні лясоў, выконваць меры пажарнай бяспекі, не парушаць дзеючых забаронаў і абмежаванняў на наведванне лясоў”.

17–22 верасня ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях дзейнічае рэжым надзвычайнай пажарнай небяспекі.

16 верасня паведамлялася аб маштабных лясных пажарах у Гомельскай вобласці.

Адзін з іх быў зафіксаваны ў межах трох лясгасаў: Мілошавіцкага, Жыткавіцкага, Палескага. Ачаг, як паведамлялі ў Мінлясгасе, “зноў развярнуўся ў журавінавых месцах — на тэрыторыі Рубрынскага лясніцтва Мілошавіцкага лясгаса”. З-за моцнага ветру агонь перайшоў на тэрыторыю суседняга лясніцтва Жыткавіцкага лясгаса і накіраваўся ў бок Палескага лясгаса.

Таксама паведамлялася аб буйным пажары на тэрыторыі Жлобінскага лясгаса.

12 верасня МНС паведамляла аб тушэнні пажару на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка (ПДРЭЗ) у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Раней больш за 150 чалавек змагаліся з пажарам у Дзянісаўскім лясніцтве Крупскага лясгаса (Мінская вобласць), дзе гарэла багністая мясцовасць.

Падзяліцца: