Мінск 09:24

Лукашэнка гатовы наведаць Саудаўскую Аравію для абмеркавання палітыкі і эканомікі

Эр-Рыяд
Ілюстрацыйнае фота: Saif Al-Dhaher / unsplash.com

23 верасня, Позірк. Пра гатоўнасць наведаць Саудаўскую Аравію “ў зручны час”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы караля гэтай краіны Сальмана бен Абдэль Азіза аль-Сауда, наследнага прынца — прэм’ер-міністра Мухамеда бен Сальмана бен Абдэль Азіза аль-Сауда і “дружалюбны народ каралеўства” з Нацыянальным днём.

Згодна з тэкстам паслання, апублікаваным прэс-службай віншавальніка, падчас візіту Лукашэнка хацеў бы абмеркаваць “найбольш актуальныя справы і ўзгадніць план далейшых сумесных дзеянняў у палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах”.

На яго думку, Саудаўская Аравія ўмацоўвае свае пазіцыі ў якасці “ўплывовай краіны ў сусветнай і рэгіянальнай палітыцы, адыгрывае важную ролю ў найбуйнейшых інтэграцыйных аб’яднаннях, упэўнена стварае эканоміку будучыні”.

Абмен досведам і каардынацыя пазіцый па пытаннях міжнароднага парадку дня дазволяць Беларусі і Саудаўскай Аравіі “больш актыўна фармаваць агульнае бачанне справядлівага шматпалярнага светапарадку, заснаванага на ўзаемнай павазе і прынцыпах неўмяшання ва ўнутраныя справы”, лічыць Лукашэнка.

За мінулы год, адзначыў ён, узаемадзеянне дзвюх краін “выведзена на якасна новы ўзровень”, пра што, паводле яго сцвярджэння, сведчаць “рост гандлёвых паказчыкаў, актывізацыя кантактаў ва ўсіх галінах, адкрыццё амбасады Беларусі ў Эр-Рыядзе”.

Варта адзначыць, што ў афіцыйнага Мінска, паводле звестак Міністэрства замежных спраў, няма дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Саудаўскай Аравіі, за інтарэсы Беларусі ў гэтай дзяржавы адказвае амбасада ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

На пачатку ліпеня 2023 года Сяргей Алейнік, які займаў у той час пасаду міністра замежных спраў, абмеркаваў з намеснікам кіраўніка МЗС Саудаўскай Аравіі Валідам аль Херыжы пытанні “актывізацыі турызму і аблягчэння візавага рэжыму” паміж краінамі. Тады Мінск выказаў намер адкрыць амбасаду ў Эр-Рыядзе, але пасля ні пра які прагрэс у гэтай галіне не паведамлялася.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Саудаўскай Аравіяй усталяваныя 6 чэрвеня 1997 года.

Паводле інфармацыі знешнепалітычнага ведамства, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 42,3 млн долараў (-26,4% да 2020 года), з якога на беларускі экспарт прыпала 6,1 млн. Актуальныя даныя ў адкрытым доступе адсутнічаюць.

Падзяліцца: