Мінск 09:32

Беларусь і РФ падпісалі мемарандум аб супрацы ў галіне медыцыны катастроф

Міністр аховы здароўя Беларусі Аляксандр Хаджаеў і кіраўнік Мінздароўя РФ Міхаіл Мурашка (злева направа)
Фота: прэс-служба Мінздароўя Беларусі

23 верасня, Позірк. Мемарандум аб супрацы ў галіне медыцыны катастроф падпісалі 23 верасня ў Магілёве міністр аховы здароўя Беларусі Аляксандр Хаджаеў і яго расійскі калега Міхаіл Мурашка.

У рамках пагаднення, адзначае прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, бакі маюць намер абменьвацца досведам і інфармацыяй пра навукова-тэхнічныя дасягненні ў галіне медыцыны катастроф і ліквідацыі медыка-санітарных наступстваў надзвычайных сітуацый (НС). Акрамя таго, яны збіраюцца праводзіць сумесныя адукацыйныя і навукова-практычныя мерапрыемствы, скіраваныя на падвышэнне ўзроўню падрыхтоўкі медработнікаў: навучальныя курсы, семінары ды інш.

Плануюцца сумесныя вучэнні і трэніроўкі па “ліквідацыі медыка-санітарных наступстваў надзвычайных сітуацый”.

Дакумент падпісаны ў рамках мерапрыемстваў, звязаных з пасяджэннем Савета парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, якое пройдзе 23 верасня ў Магілёве. На сустрэчы запланавана абмеркаваць пытанне развіцця аховы здароўя і забеспячэння роўных правоў беларускіх і расійскіх грамадзян у атрыманні медыцынскай дапамогі.

У Беларусі апошні раз рэжым НС абвяшчалі ў Гомельскай вобласці — пасля ўрагану ў ліпені. Непагадзь 13 і 14 ліпеня прывяла да маштабных пашкоджанняў у сістэме электраперадачы, парушэнняў водазабеспячэння, разбурэнняў. У тыя дні ў краіне праз непагадзь загінула сем чалавек.

Па выніках ліквідацыі НС намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак заявіў 1 жніўня, што праца дзяржаўнай сістэмы папярэджання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі патрабуе ўдасканалення.

Падзяліцца: