Мінск 19:30

Ціханоўская заклікала ААН патрабаваць ад Мінска скасавання рэжыму інкамунікада для палітвязняў

Скрыншот: трансляцыя медыяцэнтра ААН

23 верасня, Позірк. Патрабаваць ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі спыніць утрымліваць палітвязняў без сувязі са знешнім светам (рэжым інкамунікада) заклікала Арганізацыю Аб’яднаных Нацый дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў відэазвароце да ўдзельнікаў дэбатаў па Беларусі 23 верасня ў Жэневе ў рамках 57-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ).

Палітык заклікала ААН патрабаваць забяспечыць усім палітвязням доступ да медыцынскай дапамогі і зносіны з сем’ямі. “Гэта не проста палітычнае пытанне — гэта пытанне жыцця і смерці”, — падкрэсліла яна.

Сусветных лідараў Ціханоўская папрасіла зрабіць вызваленне палітычных вязняў прыярытэтнай задачай, выкарыстаць для гэтага свой уплыў, “накласці санкцыі на вінаватых”.

“Разам мы зможам спыніць гэты тэрор і вярнуць Беларусі надзею”, — лічыць дэмлідар.

У выступе яна заявіла, што ў Беларусі “больш за 1.400 палітычных зняволеных” (на 23 верасня праваабаронцы лічаць такімі 1.322 чалавекі, аднак рэпрэсаваных з палітычных матываў значна больш). “Злачынства” палітвязняў, сказала палітык, заключалася ў тым, што яны “казалі праўду і марылі пра свабоду”.

Многіх з іх, падкрэсліла Ціханоўская, утрымліваюць у поўнай ізаляцыі — “без сувязі, лістоў, тэлефонных званкоў, кантактаў са знешнім светам”. Яе муж Сяргей Ціханоўскі пазбаўлены сувязі ўжо больш за год, яна не ведае, ці жывы ён. Рэжым інкамунікада палітык назвала псіхалагічным катаваннем для палітвязняў і іх сем’яў.

Спікер нагадала, што беларускія вязні паміраюць у зняволенні.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у 2022–2024 гадах у месцах несвабоды памерла шэсць палітвязняў. Гэта Ігар Леднік, Мікалай Клімовіч, Вадзім Храсько, Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін і Аляксандр Кулініч.

Правядзенне інтэрактыўнага дыялогу ў рамках 57-й сесіі Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) у Жэневе 23 верасня прадугледжана рэзалюцыяй СПЧ 55/27 ад 4 красавіка 2024 года “Аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”.

У праграме мерапрыемства — “прамежкавая вусная інфармацыя” вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ў перыяд пасля іх.

23 верасня на палях сесіі СПЧ адбудзецца арганізаванае пастаянным прадстаўніцтвам Літвы ў Жэневе мерапрыемства “Дайце голас ахвярам: палітычныя зняволеныя ў Беларусі і іх будучыня”. У ім возьмуць удзел беларускія праваабарончыя арганізацыі.

Сесія СПЧ ААН праходзіць у Жэневе з 9 верасня па 11 кастрычніка. У апошні дзень сесіі чакаецца зацвярджэнне кандыдатуры спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі. Паводле наяўнай інфармацыі, ім з вялікай доляй верагоднасці можа стаць экс-камісар Савета Еўропы па правах чалавека Ніл Райманд Муйжніекс з Латвіі.

Падзяліцца: