Мінск 09:18

Крыху меней за 5 тыс. жыхароў Еўропы наведала Беларусь без віз за тыдзень — Дзяржпагранкамітэт

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

23 верасня, Позірк. З 16 па 23 верасня Беларусь у бязвізавым парадку наведала 4.967 жыхароў краін Еўропы (тыднем раней — 5.071), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Сярод іншых у краіну накіравалася 1.862 грамадзяніны і неграмадзяніны Латвіі (1.966), 639 грамадзян Польшчы (667), 1.831 грамадзянін Літвы (1.771) і 635 грамадзян з ліку жыхароў іншых еўрапейскіх дзяржаў з пашыранага пераліку (667).

Усяго з 15 красавіка 2022 года Беларусь наведала 967.439 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбыло 302.338 чалавек, Літвы — 562.243, Польшчы — 96.897, іншых краін, уключаных у пашыраны спіс (з 19 ліпеня гэтага года), — 5.961 (у тым ліку з Эстоніі — 2.333, Германіі — 1.193, Італіі — 379, Францыі — 220, Вялікабрытаніі — 218).

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

19 ліпеня беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы. Большасць з іх рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Згодна з апублікаванай 17 ліпеня заявай Міністэрства замежных спраў, гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Яны могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “па сапраўдных дакументах”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Падзяліцца: