Мінск 16:28

У сацсетках акцыяніста Кузьміча з’явілася паведамленне пра арышт і крымінальны пераслед у Францыі

Скрыншот: відэазапіс перформансу ў сацсетках Кузьміча

23 верасня, Позірк. Паведамленне пра арышт і крымінальны пераслед у Францыі з’явілася 23 верасня на старонцы ў “Інстаграме” беларускага мастака-акцыяніста Аляксея Кузьміча.

“Кузьміч арыштаваны. Яму ставіцца ў віну крымінальны артыкул: вандалізм у дачыненні да помніка архітэктуры, які прадстаўляе культурны здабытак Францыі”, — гаворыцца ў паведамленні.

21 верасня ў сацсетках акцыяніста быў апублікаваны відэазапіс чарговага перформансу. Кузьміч намаляваў пад Вандомскай калонай у Парыжы тэстыкулы, каб разам з манументам яны ўтварылі фалічны сімвал. Сваю акцыю ён назваў “Апладненне”.

Напрыканцы ліпеня акцыяніст быў затрыманы за перфоманс, падчас якога ён раскопваў магілу нідэрландскага мастака Вінцэнта Ван Гога на муніцыпальных могілках у французскім горадзе Овер-сюр-Уаз. На падставе рашэння суда Кузьміча адправілі ў следчы ізалятар для замежнікаў на месяц.

2 жніўня суд Понтуаза (прыгарад Парыжа) пастанавіў дэпартаваць Кузьміча ў Беларусь. Таксама яго аштрафавалі на 3 тыс. еўра і прыгаварылі да месяца ўмоўнага зняволення.

7 жніўня суд пастанавіў пакінуць Кузьміча ў зняволенні яшчэ на 26 сутак. Мастак заявіў, што яго ўтрыманне пад вартай не абгрунтаванае, яго правы парушаюцца, і абвясціў галадоўку.

14 жніўня Мелунскі адміністрацыйны суд ануляваў рашэнне аб дэпартацыі Кузьміча ў Беларусь.

21 жніўня яго вызвалілі з ізалятара.

У лютым 2024 года Кузьміч быў эвакуяваны з Беларусі фондам салідарнасці BySоl, пасля таго як прыехаў у краіну ў сувязі са смерцю бабулі.

“Органы даведаліся, што я ў Беларусі, і завялі крымінальную справу за мой твор “Транзіт”. Абвясцілі ў вышук. За пару дзён да таго, як прыйшлі дадому са Следчага камітэта, я з’ехаў у вёску. Перад [парламенцкімі] выбарамі сітуацыя абвастрылася. Пайшоў па хатах участковы. Я зразумеў, што час. Выехаць з першай спробы не атрымалася. Выявілася, што з Расіі выезд мне таксама забаронены. Але пралазу я знайшоў. І цалкам легальна зваліў. Ужо трэці раз”, — пісаў тады Кузьміч у “Фэйсбуку”.

Мастак наведваў краіну і ў 2023 годзе, а ў кастрычніку таго ж года яго відэафільм “Іншапланецяне ў Беларусі. Транзіт ці Зад назад” прыцягнуў увагу беларускіх сілавікоў.

Аляксей Кузьміч—- сын вядомага мастака, таксама Аляксея Кузьміча. Раней ладзіў правакацыйныя перформансы ў Беларусі.

Падзяліцца: