Мінск 15:30

У Беларусі пакуль не зноўдзены варыянт каранавіруса ХЕС, сцвярджае Мінздароўя

Ілюстрацыйнае фота: pxhere.com

24 верасня, Позірк. Выяўлены ў чэрвені 2024 года ў Германіі варыянт каранавіруса ХЕС у Беларусі “у цяперашні час не знойдзены”, заяўляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Паводле даных ведамства, выпадкі заражэння XEC, які з’явіўся ў выніку “рэкамбінацыі двух варыянтаў амікрона FLIRT” (штам каранавіруса і яго падвід адпаведна), зафіксаваныя таксама ў Вялікабрытаніі, ЗША, Даніі ды інш.

“Адмыслоўцы НДІ гігіены, таксікалогіі, эпідэміялогіі, вірусалогіі і мікрабіялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя вядуць сталы маніторынг з’яўлення новых варыянтаў каранавіруса. У краіне маецца усё неабходнае лабараторнае абсталяванне для правядзення дыягнастычных даследаванняў каранавірусаў”, — сцвярджае Мінздароўя.

Пра сітуацыю з захваральнасцю і смяротнасцю ад COVID-19 Мінздароўя не інфармуе насельніцтва з пачатку ліпеня 2022 года.

На той момант афіцыйна паведамлялася, што пандэмія забрала жыццё 7.118 беларусаў. У той жа час ініцыятыва беларускіх медыкаў “Белыя халаты” ў сваім даследаванні, спасылаючыся на артыкул у адным з самых аўтарытэтных медыцынскіх часопісаў The Lancet, заявіла пра смяротнасць на ўзроўні 81,6–93,4 тыс. чалавек.

У тым жа даследаванні гаварылася пра “блытаніну” ў рэалізацыі праекта вытворчасці айчыннай вакцыны супраць COVID-19.

Падзяліцца: