Мінск 05:15

ЕС працягне падтрымліваць народ Беларусі, запэўнівае Барэль, што пакідае пасаду кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі

Ілюстрацыйнае фота на старонцы Барэля ў Х

24 верасня, Позірк. Еўрапейскі саюз “асуджае працяг рэпрэсіі ў Беларусі і цяжкае становішча больш за 1.300 палітычных вязняў”, адзначыў вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль пасля сустрэчы з дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай на палях Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.

“Наша падтрымка народа Беларусі ў яго імкненні да дэмакратычнай Беларусі будзе працягвацца”, — напісаў палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Барэль падкрэсліў, што быў “вельмі рады сустрэцца” з Ціханоўскай.

На мінулым тыдні Савет Еўрасаюза зацвердзіў спіс кандыдатур на пасады еўракамісараў да 31 кастрычніка 2029 года. На пасаду вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі намінаваная былая кіраўніца ўрада Эстоніі Кая Калас.

Калі Еўрапейскі парламент зацвердзіць прапанаваны склад еўракамісараў, Калас зменіць Барэля 1 лістапада 2024 года.

У чацвёртую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, 9 жніўня 2024-га, Барэль адзначыў, што народ Беларусі працягвае дамагацца “аднаўлення сваёй свабоды і дэмакратычнай будучыні сваёй краіны, часта падвяргаючы сябе вялікай рызыцы”. Ён нагадаў пра санкцыі, якія ЕС увёў у дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб у Беларусі — за датычнасць да рэпрэсій, падтрымку вайны РФ супраць Украіны ды інш.

“У той самы час мы аказваем фінансавую падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і дэмакратычнай апазіцыі. Летась я стварыў адмысловую кансультатыўную групу. Мы рэгулярна сустракаемся з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, каб лепш зразумець іх патрэбы і праблемы, з якімі яны сутыкаюцца як унутры краіны, так і па-за яе межамі”, — адзначыў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.

Падзяліцца: