Мінск 20:21

Лукашэнка: Беларусі неабходна рыхтавацца да вайны

Крыніца: Мінабароны

24 верасня, Позірк. Пра неабходнасць рыхтавацца да вайны заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 верасня на нарадзе з вайскоўцамі на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне (Брэсцкая вобласць).

“Старая формула: хочаш міру — рыхтуйся да вайны. Яшчэ раз хачу падкрэсліць (хоць чаго нам тут перад кімсьці апраўдвацца), што мы не збіраемся ваяваць, не хочам ваяваць. Усё гэта ўжо сказана. Гэта слухаюць, але робяць сваю справу, нашы праціўнікі, нашы супернікі. Тыя, хто рыхтуецца супраць нас, будзем прама казаць, ваяваць. Таму нам трэба рыхтавацца да вайны. І дай бог, каб гэтай вайны не было. Якой бы ні была вострай абстаноўка вакол Беларусі, мы пакуль не назіраем тэндэнцый да развязвання супраць нас вайны”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён паведаміў, што “ўжо, напэўна, у пяты раз” беларускае войска “падыходзіць да мадэрнізацыі”.

Беспілотную авіяцыю Лукашэнка назваў “сур’ёзнай навінкай”: “Так, яна, напэўна, вайну, калі раптам здарыцца, назад не паверне. Але значна паўплывае на ход ваенных дзеянняў. Беспілотнікі — справа, як вайскоўцы кажуць, вельмі эфектыўная і выгадная з пункту гледжання вайны. Жудасна так казаць, але тым не менш. Сёння, як я казаў, ваюючыя бакі не шкадуюць беспілотнікаў для таго, каб паляваць за адным чалавекам, [за шараговым вайскоўцам]. Таму што гэта танней, чым падрыхтаваць байца. Таму так — беспілотнікі”.

У сваю чаргу, каб “эфектыўна супрацьстаяць варожым беспілотнікам”, трэба таксама мець “сучасную тэхніку — сістэмы радыёэлектроннай барацьбы”, сказаў Лукашэнка.

Паводле яго сцвярджэння, у Беларусі ў гэтым пытанні ёсць кампетэнцыі яшчэ з часоў Савецкага Саюза.

“Гэта мы ведалі даўно, — адзначыў Лукашэнка. — Гэта наша беларуская тэма. І ў Савецкім Саюзе мы былі на перадавых пазіцыях. Вось цяпер вельмі спатрэбілася. Таму мы павінны і можам ствараць самыя сучасныя комплексы падаўлення беспілотных лятальных апаратаў, і не толькі іх. Нямала зроблена, але яшчэ больш трэба будзе зрабіць”.

Адзначыўшы з’яўленне “новага тэрміна” ў сучаснай вайне — контрбатарэйнай барацьбы, ён канстатаваў, што для гэтага “трэба мець адпаведныя сістэмы”.

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі трэба быць гатовымі “да процідзеяння гэтай заразе”.

Выступаючы 17 верасня ў “Мінск-Арэне” на ўрачыстым вечары з нагоды дзяржаўнага свята Дня народнага адзінства, ён сказаў, што ЗША “ўказалі Кіеву, калі складуцца абставіны, атакаваць <…> беларускую інфраструктуру па паўднёвай мяжы”.

“Прычына — расійскія беспілотнікі лётаюць побач з тэрыторыяй Беларусі. Павінен вам адкрыта заявіць: мы дамовіліся па каналах з украінцамі, што мы не будзем у СМІ падсвятляць факты залёту беспілотнікаў і расійскіх, і ўкраінскіх на нашу тэрыторыю”, — сказаў ён.

Лукашэнка прызнаў, што баявыя беспілотнікі час ад часу залятаюць на тэрыторыю Беларусі, адзін з іх нібыта быў знойдзены “аж пад Бабруйскам”. “Гэта былі ўкраінскія беспілотнікі, а не расійскія. Хоць і з іншага боку бывае”, — удакладніў прамоўца.

“Хачу папярэдзіць нашых праціўнікаў, нашых супернікаў. І тых, хто не разумее яшчэ. Не трэба гэта рабіць. Напад на Беларусь — гэта Трэцяя сусветная вайна”, — дадаў Лукашэнка.

У ліпені, жніўні і верасні тэлеграм-канал “Беларускі Гаюн”, які спецыялізуецца на маніторынгу вайсковай сітуацыі, паведамляў пра мноства выпадкаў уварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі Расія атакуе Украіну.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў было збіта над Гомелем, абломкі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушана прызнаць факт парушэння мяжы лятальнымі аб’ектамі, не назваўшы пры гэтым, каму яны належалі.

Паводле інфармацыі названага тэлеграм-канала, раніцай 7 верасня адзін з расійскіх беспілотнікаў уварваўся ў паветраную прастору краіны ў раёне Пінска (Брэсцкая вобласць) і “працягнуў рух на поўнач”, зайшоў у Гродзенскую вобласць і даляцеў “да самых Карэлічаў і Навагрудка”, што зафіксавана ўпершыню.

8 верасня Міністэрства абароны Латвіі паведаміла, што ў Рэзэкненскім краі (не з’яўляецца памежным, размешчаны прыкладна за 35 км ад мяжы з Беларуссю) разбіўся расійскі дрон.

9 верасня кіраўніцтва Нацыянальных узброеных сіл (НУС) заявіла, што пацярпелы крушэнне ў Гайгалаўскай воласці Рэзекненскага краю Латвіі расійскі дрон “быў начыненым выбухоўкай беспілотнікам тыпу Shahed”.

Падзяліцца: