Мінск 17:32

Канбера падтрымлівае імкненне беларусаў да справядлівых выбараў — амбасадар Аўстраліі ў Польшчы

Ілюстрацыйнае фота: Walter Coppola / unsplash

24 верасня, Позірк. Аўстралія “падтрымлівае дэмакратычныя працэсы ў Беларусі і імкненне беларусаў удзельнічаць у празрыстых, свабодных і справядлівых выбарах”, адзначыў амбасадар гэтай краіны ў Польшчы (Літве і Чэхіі па сумяшчальніцтве) Бенджамін Хайс па выніках сустрэчы з намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Паўлам Латушкам 23 у Варшаве.

“Адбылася вельмі добрая сустрэча з Паўлам Латушкам, каб абмеркаваць глыбока хвалюючую сітуацыю ў Беларусі”, — напісаў дыпламат на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, Латушка распавёў дыпламату пра ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі напярэдадні запланаванай на 2025 год “чарговай спробы дыктатара перапрызначыць сябе на ўзурпаваную ім пасаду прэзідэнта”, прапанаваў канкрэтныя крокі, якія магла б зрабіць Аўстралія, каб “дапамагчы беларусам як мага хутчэй пазбавіцца ад дыктатуры і вярнуць дэмакратыю ў Беларусь”. Такімі, на яго думку, маглі б стаць “аказанне падтрымкі беларускім дэмсілам і незалежным СМІ, культурнай ідэнтычнасці беларусаў”.

Латушка заклікаў суразмоўцу “не чакаць змен у Расіі, а дзейнічаць ужо зараз, усведамляючы розніцу паміж беларускім грамадствам, якое не падтрымлівае вайну ва Украіне і Аляксандра Лукашэнку, і расійскім”.

Палітык, як паведамляе прэс-служба АПК, перадаў аўстралійскаму амбасадару дэкларацыі, прынятыя на канферэнцыі “Новая Беларусь” сёлета ў жніўні, а таксама “спіс памагатых рэжыму Лукашэнкі, адказных за палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў”.

“Намеснік кіраўніцы кабінета падкрэсліў важнасць санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, далейшай гарманізацыі санкцый паміж рэжымам Лукашэнкі і Расіяй, прыцягнення Лукашэнкі і яго памагатых да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці — супраць беларусаў, за ваеннае злачынства — дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных рэгіёнаў Украіны, а таксама за акт агрэсіі супраць суседняй дзяржавы — Украіны”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі АПК, сустрэча з Хайсам стала чарговым этапам кансультацый Латушкі з прадстаўнікамі дэмакратычных краін. Раней адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі міністэрстваў замежных спраў, амбасадарамі і дыпламатамі Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Славеніі, Чэхіі, Швецыі, а таксама са спецпрадстаўніком ЕС па правах чалавека.

Прадстаўнік Аўстраліі ўзяў удзел у арганізаваным дэлегацыяй ЕС у ААН у рамках Генасамблеі ў Нью-Ёрку 23 верасня мерапрыемстве па тэматыцы беларускіх палітвязняў. Як паведаміў “Позірку” галоўны дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Франак Вячорка, аўстралійскі дыпламат адзначыў, што, нягледзячы на вялікую аддаленасць, для яго краіны важнае пытанне падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл, і ў Канберы асуджаюць рэпрэсіі, якія адбываюцца.

Падзяліцца: