Мінск 21:40

У Гаагу перададзеныя новыя звесткі аб дачыненні беларускіх уладаў да перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей

Крыніца: старонка Юрыя Юркевіча ў "Фэйсбуку"

24 верасня, Позірк. У Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе на мінулым тыдні перададзеныя “новыя доказы непасрэднага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі” ў перамяшчэнні ў Беларусь украінскіх дзяцей, заявіў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” ўкраінскі праграмны дырэктар праваабарончай арганізацыі Freedom House Юрый Юркевіч.

Паводле яго слоў, з акупаваных Расіяй тэрыторый было перавезена больш за 2.200 дзяцей, гэта рабілася з мэтай іх “палітычнай індактрынацыі і мілітарызацыі адукацыі”.

Акрамя Freedom House, падкрэсліў Юркевіч, у падрыхтоўцы амаль 90 дакументаў удзельнічалі ўкраінскі цэнтр правоў чалавека ZMINA і Рэгіянальны цэнтр па правах чалавека.

Праваабаронцы анансуюць публікацыю 4 кастрычніка ўласнага расследавання аб перамяшчэнні дзяцей у Беларусь. Юркевіч выказаў падзяку за дапамогу ў яго падрыхтоўцы аб’яднанню былых сілавікоў BelPol і праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

20 верасня намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка заявіў, што, паводле апошніх даных, якія сабрала НАУ, дэпартацыі на тэрыторыю Беларусі было падвергнута звыш 3,5 тыс. дзяцей з больш чым 20 населеных пунктаў, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Паводле яго слоў, у дачыненні да гэтых дзяцей на тэрыторыі Беларусі “ажыццяўляецца перманентная масіраваная індактрынацыя ў інтарэсах “рускага свету”. “Праводзіцца мілітарызацыя дзяцей, іх навучаюць прымяняць зброю. Усё гэта з’яўляецца фактамі, якія пацвярджаюць здзяйсненне ваеннага злачынства”, — сказаў кіраўнік НАУ.

Латушка паведаміў, што яго каманда двойчы перадавала матэрыялы з доказамі здзяйснення злачынства МКС у Гаазе (27 чэрвеня і 7 лістапада. — “Позірк”.). “Мы працягваем штомесяц збіраць дадатковыя доказы, якія пацвярджаюць здзяйсненне дадзенага злачынства як самім Лукашэнкам, так і яго саўдзельнікамі”, — адзначыў палітык.

Акрамя таго, “у працэсуальным парадку” НАУ перадало доказы здзяйснення злачынстваў Лукашэнкі і яго саўдзельнікамі “як у адрас офіса генеральнага пракурора Украіны, так і ў адрас Генеральнай пракуратуры Літвы, дзе вядзецца разбіральніцтва па гэтай крымінальнай справе на нацыянальным узроўні”.

“Нам ужо ўдалося дамагчыся ўнясення ў санкцыйныя спісы за здзяйсненне гэтых злачынных дзеянняў цэлага шэрагу асоб, звязаных з Лукашэнкам, і арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі і Расійскай Федэрацыі”, — сказаў Латушка.

Разам з тым, дадаў ён, “расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда ў гэтым пытанні — дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей — залежыць ад пазіцыі ўкраінскага боку, бо гэта тычыцца грамадзян Украіны”.

Падзяліцца: