Мінск 08:59

КДК пачаў праверку інтэрнэт-крамы “Еўраопт”

Крыніца: evroopt.by

24 верасня, Позірк. Камітэтам дзяржаўнага кантролю (КДК) распачатая праверка ЗАТ “Інтэрнэт-крама Еўраопт”, паведамляе прэс-служба ведамства.

У склад закрытага акцыянернага таварыства ўваходзяць інтэрнэт-крама “Е-Дастаўка” і паштовы сэрвіс “Еўрапошта”, які, згодна з інфармацыяй на яго сайце, з 2012 года дастаўляе пасылкі па Беларусі.

Адзначаецца, што КДК правядзе аналіз фінансава-гаспадарчай дзейнасці таварыства, будзе дадзеная ацэнка “паўнаты і своечасовасці выканання абавязацельстваў перад дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі”. Таксама камітэт вывучыць інвестыцыйную дзейнасць ЗАТ, прааналізуе “рэалізацыю праектаў, выкананне праграм і мерапрыемстваў па мадэрнізацыі”, праверыць “выкананне заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні”.

Падкрэсліваецца, што праверка праводзіцца ва ўсіх рэгіёнах краіны.

24 жніўня паведамлялася, што даныя пакупнікоў інтэрнэт-крамы “Еўраопт” сталі вядомыя сілавікам, у выніку чаго з пачатку 2024 года мінімум 126 чалавек асуджана за “выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці”.

Людзей абвінавацілі ў тым, што яны атрымалі і выкарыстоўвалі замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых у інтэрнэт-краме “Еўраопт” ад замежнага аб’яднання “INeedHelpBY”.

Масавы рэйд сілавікоў па кватэрах тых, хто дапамагаў сем’ям палітвязняў прадуктовымі наборамі праз інтэрнэт-пляцоўку “Е-Дастаўка” сеткі крам “Еўраопт” у рамках ініцыятывы “INeedHelpBY” (16 студзеня прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем), адбыўся 23 студзеня. У асноўным пацярпелі жанчыны і сваякі палітвязняў.

У траўні 2023 года Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных правёў планавую праверку ЗАТ “Інтэрнэт-крама Еўраопт”, падчас якой былі выяўленыя парушэнні заканадаўства, у тым ліку пры рэалізацыі абавязковых мер па забеспячэнні абароны персанальных даных.

Падзяліцца: