Мінск 18:48

Полк Каліноўскага прызнаны “тэрарыстычнай арганізацыяй”

Крыніца: прэс-служба ПКК

25 верасня, Позірк. Вярхоўны суд прызнаў “тэрарыстычнай арганізацыяй” полк імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) і “структуры, якія ўваходзяць у яго”, паведаміў 25 верасня начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры Аляксандр Карповіч.

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба нагляднага ведамства, рашэнне прынятае на падставе “прадстаўленых доказаў”, ўстаноўлена дачыненне “экстрэмісцку настроеных грамадзян, якія ўваходзяць у склад дадзенага фарміравання, да арганізацыі, планавання, падрыхтоўкі і здзяйснення актаў тэрарызму на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Сцвярджаецца, што ПКК ажыццяўляў “вярбоўку, узбраенне, навучанне і выкарыстанне тэрарыстаў”, а таксама “фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці”.

“У выніку на тэрыторыі краіны здзейсненыя акты тэрарызму і іншыя злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці. Шэраг такіх злачынстваў быў папярэджаны праваахоўнымі органамі. Генеральная пракуратура звяртае ўвагу на тое, што любы ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі альбо садзейнічанне яе дзейнасці пацягне наступ крымінальнай адказнасці”, — сказаў Карповіч.

26 жніўня стала вядома, што заяву ў Вярхоўны суд аб прызнанні ПКК “тэрарыстычнай арганізацыяй” падаў генеральны пракурор Андрэй Швед. Адзначалася, што гэта было зроблена на падставе закона “Аб барацьбе з тэрарызмам” па прапанове Камітэта дзяржбяспекі.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны (УСУ), а 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк.

У Беларусі па факце стварэння ПКК распачатая крымінальная справа, ён прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”, любая дапамога ці намер яе аказання, жаданне ўступіць у полк жорстка пераследуецца ўладамі.

Падзяліцца: