Мінск 20:28

Балгарыя можа дэпартаваць грамадзяніна Беларусі — прадстаўніка ЛГБТ

Крыніца: pixabay.com

25 верасня, Позірк. Улады Балгарыі адмовілі ў прадастаўленні прытулку грамадзяніну Беларусі, і цяпер яму пагражае дэпартацыя з краіны, паведамляецца на сайце Балканскай сеткі журналісцкіх расследаванняў BIRN.

Мужчыну завуць Андрэй, прозвішча ў публікацыі не называецца з меркаванняў бяспекі сваякоў, якія знаходзяцца ў Беларусі.

Паводле інфармацыі журналістаў-расследавальнікаў, у атрыманні прытулку беларусу адмовіў 17 верасня Вярхоўны суд у Сафіі, цяпер ён з адвакатамі рыхтуецца абскардзіць рашэнне. Пры гэтым, як паведамляецца, беларус не выключае звароту ў Еўрапейскі суд па правах чалавека

Адзначаецца, што Андрэй знаходзіцца ў шлюбе з расійскім журналістам і апазіцыйным актывістам Аляксеем Бачынскім, які атрымаў прытулак у Балгарыі 25 красавіка. Шлюб быў аформлены ў Капенгагене ў 2014 годзе.

Пара пераехала ў Балгарыю з Расіі ў 2022 годзе пасля вайсковага ўварвання РФ ва Украіну. Выданне паведамляе, што яны “ўдзельнічалі ў актывізме супраць рэжымаў у Расіі і Беларусі і падтрымлівалі праўкраінскія дэманстрацыі ў Расіі, Беларусі і Балгарыі”.

Як адзначае BIRN, “у сваім наступным хадайніцтве аб прадастаўленні прытулку Андрэй таксама згадае аб новых рэпрэсіўных законах у Беларусі з красавіка гэтага года, згодна з якімі дэманстрацыя адносін ЛГБТК+ можа лічыцца парнаграфічнай і карацца турэмным зняволеннем”.

“Мы спадзяемся, што гэта будзе прынята пад увагу, паколькі гэта новыя абставіны, якія з’явіліся пасля таго, як ён падаў заяву ў першы раз”, — цытуе медыя Бачынскага, які доўгі час супрацоўнічае з расійскім апазіцыйным парталам kasparovru.com.

У публікацыі гаворыцца, што Балгарыя, якая “сутыкаецца з праблемамі з-за ўмяшання Расіі”, у жніўні гэтага года забараніла “прапаганду нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі”, у прыватнасці, у сувязі з “прысутнасцю тэмы ЛГБТК+ у сістэме адукацыі”.

Пры гэтым у дакуменце Бачынскага аб прадастаўленні яму статусу бежанца, з якім азнаёміўся BIRN, ён указаны як чалавек, які не знаходзіцца шлюбе.

Адвакат Дзяніца Любенава, якая прадстаўляе мноства спраў аб правах ЛГБТК+ у Балгарыі, паведаміла, што беларус Андрэй будзе дамагацца паскоранага слуханні ў ЕСПЧ, паколькі суд у Сафіі “праігнараваў статус пары, якая законна знаходзіцца ў шлюбе”.

Цяпер беларус на волі, аднак, як сцвярджаецца, пара турбуецца пра сваю будучыню, бо балгарскія ўлады і раней прымалі негатыўныя рашэнні ў дачыненні да асоб, якія спрабавалі атрымаць прытулак.

Балканская сетка журналісцкіх расследаванняў BIRN заснаваная ў 2004 годзе як аб’яднанне няўрадавых арганізацый, якія выступаюць за свабоду слова, правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасці ў Паўднёвай і Усходняй Еўропе.

Падзяліцца: