Мінск 18:46

Мытня Беларусі абвінаваціла Літву ў “грэблівым стаўленні да людзей”

Пункт пропуску Мядзінінкай на літоўска-беларускай мяжы
Ілюстрацыйнае фота: Служба аховы дзяржмяжы Літвы

26 верасня, Позірк. “Афіцыйная адмова ад выканання абавязацельстваў, замацаваных Беларуссю і Літвой дагаворам у мытнай сферы, — гэта чарговае пацвярджэнне грэблівага стаўлення літоўскага боку да людзей, у тым ліку грамадзян сваёй краіны”, — заявіў 26 верасня Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).

Заява ведамства стала рэакцыяй на тое, што 25 верасня ўрад Літвы ўхваліў падрыхтаваныя Міністэрствам фінансаў праекты прававых актаў аб дэнансацыі пагадненняў аб мытным супрацоўніцтве з Беларуссю і Расіяй.

ДМК звярнуў ўвагу на той факт, што “нейкую супрацу з беларускай мытняй літоўскія калегі спынілі яшчэ на пачатку 2022 года”.

“Раней мытныя органы Беларусі неаднаразова звярталіся да іх наконт неабходнасці выканання дамоўленасцей па прыёме транспартных сродкаў, прапаноўвалі правесці сустрэчы, разгледзець магчымасці адкрыцця закрытых пунктаў пропуску. Рэакцыі не было”, — гаворыцца ў паведамленні.

Камітэт раскрытыкаваў калег за “штучна створаныя” чэргі на мяжы, нерытмічнае афармленне транспарту і яго перыядычнае неафармленне. “І гэта з улікам таго, што пакінулі дзейнымі толькі два пункты пропуску”, — адзначыў ДМК.

З пачатку развязанай Расіяй у лютым 2022 года поўнамаштабнай вайны супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль, літоўская мытня практычна не ажыццяўляла ніякай супрацы з беларускімі і расійскімі службамі.

Падзяліцца: