Мінск 09:26

Колькасць спраў аб банкруцтве ў гадавым вымярэнні зменшылася амаль удвая

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

26 верасня, Позірк. На 1 верасня 2024 года ў судах знаходзілася 362 справы аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве), вынікае з інфармацыі Вярхоўнага суда.

Для параўнання: на 1 жніўня ў судах было 375 такіх спраў, на 1 ліпеня — 335, на 1 чэрвеня — 294, на 1 траўня — 262, на 1 верасня 2023 года — 716. Такім чынам, за месяц іх колькасць зменшылася на 3,4%, у гадавым вымярэнні — на 49,4%.

Банкруцтва арганізацый прыватнай формы ўласнасці тычылася 353 спраў (месяцам раней — 365), горадаўтваральных і бюджэтаўтваральных дзяржаўных арганізацый — 31 (32).

У жніўні распачатая вытворчасць па справах аб банкруцтве РУП “Дырэкцыя будаваных аб’ектаў Мінспорту”.

Эканамічны суд Гродзенскай вобласці прызнаў банкрутам і адкрыў ліквідацыйныя вытворчасці ў дачыненні да Ваўкавыскага КУП “Школьнае харчаванне” і ААТ “Наваельнянскае міжраённае аб’яднанне па вытворча-тэхнічнаму забеспячэнню сельскай гаспадаркі”.

Завершана ліквідацыйная вытворчасць па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) КУП “Мішневічы” Шумілінскага раёна (Віцебская вобласць).

Падзяліцца: