Мінск 09:24

Ціханоўская прысвяціла прэмію Лантаса ўсім, хто працягвае барацьбу за Беларусь

Скрыншот: відэаматэрыял прэс-службы Ціханоўскай

27 верасня, Позірк. Чатыры гады рэпрэсій “не прымусілі беларусаў змяніць сваё меркаванне і змірыцца з дыктатурай”, яны “працягваюць праяўляць мужнасць і плацяць высокую цану за сваю свабоду”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, прымаючы 26 верасня ў ЗША прэмію Лантаса ў галіне правоў чалавека (Lantos Human Rights Prize).

Другім лаўрэатам прэміі стала Яўгенія Кара-Мурза — жонка расійскага апазіцыянера Уладзіміра Кара-Мурзы, які быў прыгавораны да 25 гадоў зняволення ў рамках палітычна матываванай справы, але вызвалены і выдвараны з краіны 1 жніўня ў выніку абмену паміж РФ і Захадам.

Ціханоўская, паводле інфармацыі яе прэс-службы, адзначыла, што прымае ўзнагароду “не за сябе, а за ўсіх тых герояў і гераінь, якія працягваюць змагацца”, у прыватнасці “журналістаў, бясстрашных жанчын, праваабаронцаў, актывістаў” ды інш.

“Я ведаю, што мы будзем працягваць тую рэвалюцыю, якую наш народ пачаў у 2020 годзе, пакуль не пераможам”, — заявіла дэмлідар, заклікаўшы кожнага “змагацца за свабоду, за людзей, за справядлівасць, за кожнага мужчыну і жанчыну, за кожнае дзіця і кожнага старога”.

Палітык таксама заклікала ЗША і іншыя дэмакратычныя краіны не спыняць падтрымку Украіны і Беларусі, працягваць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Прэмія Лантаса ў галіне правоў чалавека ўручаецца з 2009 года. Як правіла, ёю ўзнагароджваюцца па адным чалавеку на год, выключэнні былі ў 2015 і 2021 гадах (тры і два чалавекі адпаведна). Заснаваная ў мэтах “падвышэння дасведчанасці пра парушэнні правоў чалавека і людзей, якія змагаюцца з імі па ўсім свеце”.

Лаўрэатамі прэміі ў розныя гады былі ўраджэнец Беларусі, былы прэзідэнт і прэм’ер-міністр Ізраіля, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Шымон Перэс, а таксама далай-лама XIV (Нгагванг Лоўзанг Тэнцзін Г’ямцхо), экс-дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан і іншыя палітычныя і грамадскія дзеячы.

Падзяліцца: