Мінск 07:47

Беларусь пад санкцыямі Захаду, бо знаходзіцца на шляху да багатай на рэсурсы РФ, лічыць Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: freegreatpicture.com

27 верасня, Позірк. “У перыяд Першай сусветнай вайны беларускія тэрыторыі, не саромеючыся, рабавала Германія, а пасля падзелу Беларусі ў 1921 годзе — Польшча”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 27 верасня на сустрэчы са студэнтамі інжынерна-тэхнічных ВНУ Мінска.

Паводле яго слоў, гэтыя дзяржавы “нахабна вывозілі” з беларускай тэрыторыі “па вузкакалейках і торф, і лес, і прадукты харчавання, а ў гэты час беларусы галадалі”.

“Але галоўнае, мы стаім на шляху да беспрэцэдэнтна і, на думку краін Захаду, несправядліва багатай на гэтыя і іншыя рэсурсы Расіі, — цытуе спікера яго прэс-служба. — І далей на тэму палітычных і санкцыйных выпадаў з боку калектыўнага Захаду на адрас нас з расіянамі можна не разважаць”.

Паводле слоў Лукашэнкі, сёння Захад “мае найвышэйшыя тэхналогіі, якіх па асобных напрамках не мае ні Расія, ані Беларусь”. Тэхналогіі у заходніх краін маюцца, аднак, заявіў спікер, “для іх патрэбныя рэсурсы, каб вырабляць гатовыя вырабы: тыя ж беспілотнікі, прадукцыю на аснове штучнага інтэлекту і гэтак далей”.

“Патрэбныя рэсурсы, прытым патрэбныя крыніцы рэдказямельных металаў. Дзе яны сканцэнтраваныя? Найперш у Расійскай Федэрацыі. Велізарная тэрыторыя і неадпаведна нізкая шчыльнасць насельніцтва. Заўсёды гэты тэхналагічны Захад, які нас апярэджваў, імкнуўся на ўсход да гэтага сховішча рэсурсаў. Так адбываецца і зараз”, — сцвярджае ён.

У гэтым кантэксце Лукашэнка заявіў, што Беларусь будуе “доўгатэрміновую супрацу з прагрэсіўнай сусветнай большасцю”, у прыватнасці ўмацоўвае саюзніцкія стасункі з РФ, нядаўна стала паўнапраўным членам ШАС, выбудавала “ўсепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства з Кітаем”. Таксама, паводле яго слоў, “паглыбляецца інтэграцыя ў ЕАЭС і СНД”.

У дачыненні да Лукашэнкі, звязаных з ім асоб, прадстаўнікоў сілавых структур, шэрагу прадпрыемстваў (уключаючы ваенна-прамысловыя), банкаў і іншых суб’ектаў, дзейнічаюць санкцыі ЗША, Еўрапейскага саюза і шэрагу асобных дзяржаў.

Абмежавальныя меры былі ўведзеныя за рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне, стварэнне міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з сумежнымі краінамі ЕС ды інш.

Падзяліцца: