Мінск 22:13

Ціханоўская: Лукашэнка і Пуцін павінны заплаціць за кожнае злачынства, за кожнае зламанае жыццё

Крыніца: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

27 верасня, Позірк. Ціск на Аляксандра Лукашэнку і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна павінен працягвацца, яны “павінны заплаціць за кожнае злачынства і за кожнае зламанае жыццё”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 27 верасня ў Вашынгтоне на форуме CEPA Forum Leadership Awards.

Паводле слоў палітыка, якія перадае яе прэс-служба, напярэдадні на мерапрыемствах Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку “шмат казалі пра стомленасць ад вайны, ад Пуціна і Лукашэнкі”.

“Раскажыце пра стомленасць украінскім салдатам у акопах. Раскажыце пра стомленасць мужчыну-бацьку, у якога пасля расійскага абстрэлу загінула ўся сям’я. Раскажыце пра стомленасць беларускім палітычным зняволеным, якія літаральна паміраюць у лукашэнкаўскіх турмах. Раскажыце пра стомленасць сотням тысяч беларусаў, якія страцілі свае дамы, былі вымушаныя з’ехаць у выгнанне, але гэта не зламала іх дух, і яны працягваюць змагацца”, — сказала Ціханоўская.

Дэмакратычны лідар падкрэсліла, што “ніхто з іх не мае права на стомленасць”.

“І ў нас гэтага права таксама няма. Мы адчуваем гэтую стомленасць, бо не ведаем, калі ўсё скончыцца. Калі Украіна пераможа. Калі абрынецца рэжым Лукашэнкі. Але часам мы не можам ведаць, калі гэта здарыцца. Усё, што мы можам зрабіць, — гэта наблізіць гэты момант. Мы павінны так рабіць проста таму, што так трэба”, — адзначыла палітык.

“Калі змагаешся з тыраніяй, не маеш права на тайм-аўт і асабісты камфорт. У гэтай барацьбе патрэбныя ахвяры, паслядоўнасць і мужнасць. Таму што дыктатары ўспрымаюць любыя сумневы, любыя ваганні як слабасць”, — сказала Ціханоўская, дадаўшы, што “ні ў адной вайне, ні ў адной бітве немагчыма выйграць у адзіночку, у барацьбе неабходныя саюзнікі”.

Яна заклікала да далейшай падтрымкі Украіны і Беларусі, бо “тыранія заразная: калі яе не спыніць, яна распаўсюджваецца”.

“Мы павінны адкінуць саму думку, што тыранаў можна ўлагодзіць або перавыхаваць. Дыктатары не спыняцца, пакуль іх не спынім мы”, — падкрэсліла дэмлідар.

Форум CEPA — мерапрыемства, прысвечанае праблемам бяспекі, дэмакратыі і стабільнасці, з якімі сутыкаецца НАТО. Асноўнай падзеяй форуму з’яўляецца гала-вечар, на якім уручаюцца ўзнагароды СЕРА Forum Leadership Awards.

26 верасня ў ЗША Ціханоўская атрымала прэмію Лантаса ў галіне правоў чалавека (Lantos Human Rights Prize). Прэмія ўручаецца з 2009 года. Як правіла, ёю ўзнагароджваецца па адным чалавеку ў год, выключэнні былі ў 2015 і 2021 гадах (тры і два чалавекі адпаведна). Заснаваная ў мэтах “павышэння дасведчанасці аб парушэннях правоў чалавека і людзях, якія змагаюцца з імі па ўсім свеце”.

Візіт Ціханоўскай у ЗША працягваецца з 23 верасня.

Падзяліцца: