Мінск 22:28

Круты заявіў, што Лукашэнка і Пуцін да канца года “дадуць старт” адмене роўмінгу — гэтае пытанне вырашаецца з 2017 года

Крыніца: pixabay.com

27 верасня, Позірк. Працэс адмены роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй можа быць запушчаны на маючым адбыцца ў канцы года пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы (СД), заявіў кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Круты 27 верасня па выніках пасяджэння Групы высокага ўзроўню Савета міністраў СД.

“Тэма роўмінгу, якая перацякае з пасяджэння ў пасяджэнне. Тым не менш дасягнутая прынцыповая дамоўленасць, што лідары нашых краін [Лукашэнка і Уладзімір Пуцін] на юбілейным пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета дадуць старт гэтаму праекту. Можа быць, у пілотным рэжыме, можа, у паўнавартасным рэжыме мы ўжо запусцім яго. Гэта дакладна, Гэта безапеляцыйна, практычна 100%”, — цытуе Крутога ТАСС.

Рэзалюцыя Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы аб адмене роўмінгу была прынятая 30 чэрвеня 2017 года. З тых часоў прадстаўнікі абедзвюх дзяржаў рэгулярна заяўляюць аб непазбежнай рэалізацыі праекта, але гэтага не адбылося дагэтуль.

У мінулым годзе расійскі бок паведамляў пра намер краін адмяніць роўмінг з 1 красавіка, але ў той дзень была адмененая толькі аплата ўваходных званкоў.

Аб планаванай адмене роўмінгу на тэрыторыі СД заявіў Пуцін 24 траўня гэтага года пасля перамоваў у Мінску з Лукашэнкам.

28 чэрвеня віцэ-прэм’ер урада РФ Дзмітрый Чарнышэнка заявіў, што роўмінг паміж РФ і Беларуссю будзе адменены да канца года.

5 жніўня скасаванне роўмінгу абмяркоўвалася на сустрэчы амбасадара Беларусі ў РФ Аляксандра Рагожніка і дзяржсакратара СД, былога амбасадара РФ у Мінску Дзмітрыя Мезенцава.

Падзяліцца: