Мінск 22:45

Спецпасланнік Швецыі Юханэсан: У нас практычна няма рычагоў для вырашэння пытання палітвязняў у Беларусі

Крысціна Юханесан і дэмлідар Святлана Ціханоўская Фота: тэлеграм-канал Ціханоўскай

6 лістапада, Позірк. У Еўрасаюза практычна няма рычагоў для вырашэння праблемы палітзняволеных у Беларусі, заявіла спецыяльны пасланнік Швецыі па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Крысціна Юханэсан журналістам 6 лістапада ў Вільнюсе.

“Прайшло больш за тры гады [пасля выбараў 2020 года]. Мы ведаем, што некаторыя выходзяць, адседзеўшы свой тэрмін, новых забіраюць. Гэта нейкі канвеер. Выглядае ўсё вельмі несуцяшальна, — сказала яна. — У межах ЕС мы ўздымаем гэтае пытанне, але рычагоў у нас практычна няма на сёння. Трэба працягваць нагадваць грамадскасці нашых краін, што гэтыя людзі ўсё яшчэ знаходзяцца за кратамі. Пакуль я не бачу іншых канкрэтных магчымасцей”.

Яшчэ адной важнай праблемай Юханэсан назвала сітуацыю з беларускімі пашпартамі, якія зараз можна памяняць, толькі прыехаўшы ў краіну.

“Мы зараз гатовы разам з іншымі краінамі ЕС паглядзець, якія могуць быць тут рашэнні, — адзначыла дыпламат. — Гэтыя пытанні знаходзяцца ў кампетэнцыі кожнай асобнай краіны, там складана дабіцца аднастайнасці для ўсяго ЕС, але нам давядзецца разам выпрацаваць нейкія рашэнні. Упэўнена, што найбліжэйшым часам адбудзецца абмеркаванне гэтай вельмі канкрэтнай і сур’ёзнай праблемы, якая закранае многіх беларусаў”.

Гаворачы аб магчымасці новых еўрапейскіх санкцый у дачыненні да Мінска, Юханесон адзначыла, што гэтае пытанне “ў асноўным, прапрацоўваецца ў Бруселі”.

“Давайце пачакаем і паглядзім, што будзе цягам бліжэйшых месяцаў, — сказала яна. — Натуральна, ніякія санкцыі не прымаюцца, калі няма адзінства, калі не могуць дамовіцца ўсе краіны ЕС. Але мы, напрыклад, зараз бачым, як многія краіны ЕС зноў пачынаюць вяртацца да пытання Беларусі, неабходнасці зноў абмеркаваць Беларусь, абнавіць нашае бачанне сітуацыі і інфармацыю. Швецыя будзе заўжды далучацца да тых ініцыятыў, якія будуць вылучацца”.

Юханэсан паведаміла, што працягне працаваць у Стакгольме: “Я захоўваю пасаду амбасадара Швецыі па Ўсходнім партнёрстве, але буду спалучаць яе з новай місіяй. Для мяне гэта вялікі гонар. Я вельмі рада вярнуцца ў беларускі парадак дня. Цяпер будзем працаваць дзеля таго, каб быць больш карыснымі, больш канкрэтна і хутка рэагаваць на тыя ідэі, якія будуць прыходзіць як з боку беларускай грамадзянскай супольнасці, так і з боку дэмакратычных сіл”.

Юханэсан была паслом Швецыі ў Мінску з 2017 года. Пакінула Беларусь у жніўні 2022 года. Цяпер з’яўляецца паслом краіны па Усходняму партнёрству. Дыпмісію ў Мінску ўзначальвае часовы павераны Ева Сундувіст.

6 лістапада абвешчана аб прызначэнні Юханэсан спецыяльным пасланцам па сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Такім чынам, Швецыя стала пятай станай ЕС, якая прызначыла спецыяльнага прадстаўніка для кантактаў з дэмсіламі пасля спынення місій сваіх паслоў у Мінску. Раней гэта зрабілі Францыя, Эстонія, Літва і Польшча.

Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, на 6 лістапада ў Беларусі 1.462 палітвязні.

Падзяліцца: