Мінск 17:29

Рыжанкоў з трыбуны ААН паскардзіўся на санкцыі і абвінаваціў Захад у вайне “да апошняга ўкраінца”

Скрыншот: ютуб-канал МЗС

29 верасня, Позірк. “Галоўным інтарэсам” Захаду з’яўляецца “захаванне дамінавання на планеце і забеспячэнне дабрабыту сваіх элітаў”, дзеля гэтага “эксплуатуюцца цэлыя народы і чужыя рэсурсы, стрымліваецца развіццё астатняга свету”, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, выступаючы 28 верасня ў Нью-Ёрку на 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

“Паўсюдна [Захадам] ужываецца стары як свет прынцып — “падзяляй і ўладар”, які, па сутнасці, складае аснову ўсіх ваенных канфліктаў сучаснасці”, — цытуе чыноўніка прэс-служба МЗС.

Паводле яго слоў, прынцыпы ААН “закідваюцца на самую далёкую паліцу”, калі справа тычыцца інтарэсаў ЗША і “іх сатэлітаў”. “Але калі якая-небудзь дзяржава адважыцца праводзіць палітыку ў інтарэсах свайго народа або паспрабуе скінуць ярмо вонкавага кіравання сваімі рэсурсамі, Захад успамінае аб усіх канвенцыях, параграфах і самых нікчэмных зносках да іх”, — сказаў Рыжанкоў.

“І галоўнае, — дадаў ён, — да адступніка ўжываецца ўвесь набор незаконных санкцый і ціску. У гэтым прырода ўсіх так званых каляровых рэвалюцый, якія вядуць толькі да пакут і ўзрушэнняў для простых людзей. Гэта шлях Захаду. Гэта іх рэцэпт новага свету”.

Перайшоўшы да тэмы санкцый, якім была прысвечаная значная частка яго выступу, Рыжанкоў заявіў, што “сёння каля 40 краін з насельніцтвам 2,5 млрд знаходзяцца пад незаконнымі аднабаковымі абмежавальнымі мерамі ЗША і Еўрапейскага саюза”.

Прывёўшы ў прыклад “свабодалюбную Кубу”, спікер адзначыў, што гэтая краіна застаецца пад санкцыямі “больш за паўстагоддзя”.

Санкцыі, паводле сцвярджэння Рыжанкова, “груба парушаюць цэлыя раздзелы міжнароднага права і Статута ААН”, “незаконна запавольваюць устойлівае развіццё, падрываюць харчовую і энергетычную бяспеку, абмяжоўваюць доступ да сусветных рынкаў, парушаюць права на свабоду перамяшчэння”.

“Дарэчы, на апошні пакет незаконных санкцый Беларусь адказала адкрытасцю і ў аднабаковым парадку адмяніла візавы рэжым для грамадзян усіх краін ЕС. Тысячы грамадзян ЕС ужо скарысталіся гэтым, наведалі нашу краіну і не расчараваліся, і дыктатуры нідзе не ўбачылі”, — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Ён заклікаў ААН “сказаць сваё прынцыповае слова аб непрымальнасці аднабаковых мер”.

“Мы маем права чакаць ад арганізацыі сур’ёзных і аб’ектыўных ацэнак аб негатыўным уплыве санкцый на працэсы ўстойлівага развіцця, пра якое мы так усе дбаем. Больш за тое, лічым неабходным паставіць працу ў ААН па супрацьдзеянні незаконным санкцыям на сістэмную аснову. Усім такім выпадкам павінна давацца прынцыповая аб’ектыўная ацэнка”, — падкрэсліў міністр.

Рыжанкоў таксама абвінаваціў Захад у вайне, якая працягваецца ва Украіне і якую ў 2022 годзе пры падтрымцы Мінска пачала Расія.

Вайна, паводле яго слоў, вядзецца “ва ўгоду транснацыянальнаму капіталу і ў інтарэсах калектыўнага Захаду”, заходнія краіны зацікаўленыя, каб “Украіна ваявала сёння да “апошняга ўкраінца”.

“І калі б усе, як суседняя Беларусь, усведамлялі, што рэальна адбываецца ў зоне канфлікту і чым гэта пагражае, і сапраўды хацелі б спыніць крывавае супрацьстаянне двух брацкіх народаў — то даўно б Украіна была з Расіяй не на полі бою, а за сталом мірных перамоваў”, — адзначыў Рыжанкоў.

Ён паўтарыў тэзіс, што “без удзелу Расіі ні адзін праект [мірнага ўрэгулявання] поспеху мець не будзе”, дадаўшы, што “новай архітэктуры бяспекі ў <…> рэгіёне не можа быць і без удзелу Беларусі”.

“Дзесяць гадоў таму Мінск стаў месцам выніковых перамоў па вырашэнні канфлікту ва Украіне. Мы і цяпер прапануем свае міратворчыя намаганні, бо лепш за ўсіх ведаем і разумеем рускіх і ўкраінцаў. І будзем рабіць усё, што ад нас залежыць для дасягнення міру на шматпакутнай ўкраінскай зямлі”, — заявіў чыноўнік.

Санкцыі ў дачыненні да Беларусі былі ўведзеныя за рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне, стварэнне міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з сумежнымі краінамі ЕС і інш.

Падзяліцца: