Мінск 18:37

СМІ: Лукашэнка памілаваў экс-кіраўніка сваёй службы бяспекі Уцюрына — ён адбыў менш за палову тэрміну

Крыніца: прэс-служба Генеральнай пракуратуры

29 верасня, Позірк. Былы кіраўнік службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі, экс-намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэй Уцюрын выйшаў на волю, не адбыўшы і паловы прызначанага тэрміну зняволення.

Пра гэта 28 верасня паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” былы палітвязень, блогер Сяргей Пятрухін.

Свой тэрмін зняволення (3 гады) Пятрухін адбываў у папраўчай калоніі № 3 (Віцьба, Віцебскі раён) — той жа, у якой утрымлівалі Уцюрына.

29 верасня вызваленне экс-кіраўніка службы бяспекі Лукашэнкі пацвердзіла “Наша Ніва”.

Уцюрын быў затрыманы 21 красавіка 2019 года, абвінавачаны ў атрыманні і падбухторванні да дачы хабару (ч. 3 арт. 430 КК і ч. 5 арт. 16, ч. 2 арт. 431 КК) на агульную суму каля 200 тыс. долараў.

27 ліпеня 2020 года Вярхоўны суд прыгаварыў яго да 12 гадоў пазбаўлення волі.

У няволі ён правёў каля 5,5 года.

Службу бяспекі Лукашэнка Уцюрын узначальваў у 2007–2014 гадах. Пасля гэтага быў прызначаны намеснікам дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі.

9 красавіка, выступаючы на нарадзе аб развіцці прамысловасці, Лукашэнка чарговым разам заявіў пра “жорсткую адказнасць” у Беларусі за карупцыю.

У дачыненні да карупцыянераў, сказаў ён, яго пазіцыя “застаецца нязменнай”.

“Калі вы ў кішэню кладзеце, і гэта навідавоку ў тых, хто павінен глядзець і глядзіць, вы не хадзіце і не плачце, што тут празмерна кагосьці напружваюць, — адзначыў Лукашэнка. — За памылку ніхто нікога не пакарае. Але калі вы крадзеце бессаромна, “апускаючы” (слова з крымінальнай лексікі, якое пазначае паніжэнне сацыяльнага статусу ў сакрэтнай іерархіі асуджаных. — Позірк“.) тысячныя працоўныя калектывы і флагманы нашай прамысловасці, прабачэння тут быць не можа”.

Падзяліцца: