Мінск 08:18

Лукашэнка разлічвае на хуткія “істотныя вынікі” супрацоўніцтва з Батсванай

Крыніца: pixabay.com

30 верасня, Позірк. Адносіны Беларусі і Батсваны маюць “значны патэнцыял для пашырэння палітычнага дыялогу і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 30 верасня прэзідэнта гэтай афрыканскай краіны Макгвітсі Масісі з нацыянальным святам Днём незалежнасці.

Паводле слоў Лукашэнкі, якія перадае яго прэс-служба, Батсвана з’яўляецца “краінай з высокім узроўнем палітычнай стабільнасці і сацыяльна-эканамічнага развіцця”, яе “знешнепалітычныя падыходы” грунтуюцца на “блізкіх Беларусі прынцыпах мірнага суіснавання, узаемнай павагі і неўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў”.

Беларусь, падкрэсліў віншавальнік, зацікаўлена ў “наладжванні трывалых двухбаковых сувязей у галінах сельскай гаспадаркі, харчовай бяспекі, прамысловай кааперацыі, фармацэўтыкі, нафтахіміі і адукацыі”.

Мінск таксама гатовы “прапанаваць свой напрацаваны вопыт для навучання батсванскіх грамадзян па прыярытэтных для іх эканомікі напрамках дзейнасці”.

“Спадзяюся, што ўмацаванне сумеснымі намаганнямі міждзяржаўнага ўзаемадзеяння хутка дасць істотныя вынікі”, — гаворыцца ў віншаванні.

20 жніўня прэс-служба Міністэрства замежных спраў паведаміла, што генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш запрасіў Лукашэнку ў Батсвану на канферэнцыю для краін, якія развіваюцца, якія не маюць выхаду да мора. Канферэнцыя пройдзе ў снежні. Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз паведаміў, што Беларусь плануе “прыняць непасрэдны ўдзел у гэтай канферэнцыі на ўзроўні кіраўніцтва МЗС”.

Батсвана атрымала незалежнасць ад Вялікабрытаніі 30 верасня 1966 года. Масісі — пяты прэзідэнт краіны (з 2018 года). У Батсване больш за 10 палітычных партый, аднак усе кіраўнікі дзяржавы прадстаўлялі толькі адну — Дэмакратычную партыю Батсваны.

23 лютага 2023 года на надзвычайнай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН Батсвана падтрымала рэзалюцыю аб неабходнасці дасягнення ўсёабдымнага, справядлівага і трывалага міру ва Украіне ў адпаведнасці з прынцыпамі Статута ААН. У дакуменце ўтрымліваецца заклік да Расіі “неадкладна, цалкам і безумоўна” вывесці свае войскі з акупаванай тэрыторыі. Беларусь, якая прапаноўвала выключыць гэты пункт, але не атрымала падтрымкі, прагаласавала супраць рэзалюцыі.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Батсванай устаноўленыя ў 2003 годзе. Узаемны знешні гандаль блізкі да нуля.

Падзяліцца: