Мінск 17:02

Полк Каліноўскага: Прызнанне нас “тэрарыстычнай арганізацыяй” — пасягальніцтва на армію Украіны

Дзяніс Прохараў
Фота: "Позірк"

29 верасня, Позірк. Прызнанне беларускімі ўладамі палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) “тэрарыстычнай арганізацыяй” з’яўляецца “пасягальніцтвам” на Сілы абароны Украіны, гаворыцца ў заяве дабравольніцкага фарміравання.

Заява апублікаваная 29 верасня ў тэлеграм-канале ПКК.

“Гэта не адмяняе нашу барацьбу. Мы працягваем плячом да пляча з братамі-украінцамі змагацца за нашу і вашу свабоду”, — адзначаецца ў заяве.

У тэлеграм-канале таксама апублікаваны фрагмент інтэрв’ю аднаго з заснавальнікаў палка, экс-камандзіра Дзяніса Прохарава (пазыўны “Кіт”) тэлеканалу “1+1”.

“Полк Каліноўскага — гэта законнае фарміраванне беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца афіцыйна ў складзе Узброеных сіл Украіны, Сіл абароны Украіны. Афіцыйна, з ваеннымі квіткамі, на кантракце. Гэта частка Узброеных сіл Украіны”, — сказаў Прохараў.

Паводле яго слоў, калі “грамадзянін Лукашэнка ўжо замахваецца на такія рэчы, што называе нас “тэрарыстамі”, то лагічна лічыць, што ён “называе тэрарыстамі УСУ, Сілы абароны Украіны”.

“Гэта неадэкватнасць. Пакуль ёсць рэжым Лукашэнкі і сам Лукашэнка, для Украіны гэта заўсёды пагроза з беларускай мяжы. [Пагроза таго], што можа паўтарыцца наступ на Кіеў. Я хачу, каб усе ўкраінцы гэта разумелі. Каб усе ведалі, хто такі Лукашэнка”, — падкрэсліў былы камандзір ПКК.

Полк Каліноўскага заклікаў падтрымаць абвешчаны збор на сродкі радыёэлектроннай барацьбы для беларускіх добраахвотнікаў, каб яны “маглі больш эфектыўна і бяспечней выконваць сваю баявую працу на фронце”.

25 верасня ПКК заявіў, што прызнанне яго “тэрарыстычнай арганізацыяй” неабходнае беларускім уладам для “магчымага пашырэння вайны” і “дадатковага прызнання лаяльнасці Маскве”.

“У сваю чаргу полк Кастуся Каліноўскага прызнае рэжым Лукашэнкі “тэрарыстычнай арганізацыяй”. Як і ўсіх, хто мае дачыненне да гвалту і рэпрэсій супраць беларускага народа. Мы працягнем нашу барацьбу да поўнага вызвалення Беларусі”, — заявілі ў ПКК.

25 верасня Вярхоўны суд прызнаў “тэрарыстычнай арганізацыяй” полк Каліноўскага і “структуры, якія ўваходзяць у яго”. Паводле слоў начальніка ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Аляксандра Карповіча, рашэнне прынятае на падставе “прадстаўленых доказаў”, ўстаноўлена дачыненне “экстрэмісцку настроеных грамадзян, якія ўваходзяць у склад дадзенага фарміравання, да арганізацыі, планавання, падрыхтоўкі і здзяйснення актаў тэрарызму на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Сцвярджаецца, што ПКК ажыццяўляў “вярбоўку, узбраенне, навучанне і выкарыстанне тэрарыстаў”, а таксама “фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці”.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны (УСУ), а 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк.

У Беларусі па факце стварэння ПКК распачатая крымінальная справа, ён прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”, любая дапамога ці намер яе аказання, жаданне ўступіць у полк жорстка пераследуецца ўладамі.

Падзяліцца: