Мінск 07:19

За апошнія гады фігурантамі “палітычных” крымінальных спраў у Беларусі стала сама меней 59 замежнікаў — “Вясна”

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

30 верасня, Позірк. Фігурантамі палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі за апошнія гады стала сама меней 59 замежных грамадзян, 30 з іх зараз знаходзяцца ў няволі і прызнаныя палітвязнямі, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Адзначаецца, што пад крымінальны пераслед палітычнага характару траплялі грамадзяне Германіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Швейцарыі і Швецыі.

У 2022–2023 гадах контрвыведка Камітэта дзяржбяспекі затрымала 16 замежнікаў, заявіў старшыня КДБ Іван Церцель 20 лютага на пашыранай нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіруючым складам сілавых органаў.

24 чэрвеня Мінскі абласны суд (суддзя Алег Лапека) вынес смяротны прыгавор грамадзяніну Германіі Рыка Крыгеру. Немец быў прызнаны вінаватым паводле ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім), ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), арт. 3581(агентурная дзейнасць) і арт. 133 (найміцтва) Крымінальнага кодэкса.

Пазней быў памілаваны Лукашэнкам і перададзены нямецкаму боку ў рамках абмену зняволенымі паміж РФ і Захадам.

У справаздачы “Вясны” 1 ліпеня паведамлялася, што ў зняволенні на падставе палітычна матываваных выракаў знаходзяцца грамадзяне Казахстана, Латвіі, Польшчы, Расіі, Узбекістана і Украіны — агулам 25 чалавек, але ў рэчаіснасці іх можа быць значна больш.

У ліпені ў Беларусі быў затрыманы 50-гадовы грамадзянін Японіі Масатосі Наканісі (пра гэта стала вядома 4 верасня). Факт пацвердзілі японская амбасада ў Мінску і галоўны сакратар кабінета міністраў Японіі Хаясі Ёсімаса.

Увечары 5 верасня на тэлеканале “Беларусь 1” выйшаў рэпартаж “Правал “самурая” з Токіо”, у якім начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак паведаміў аб выстаўленым Наканісі абвінавачанні паводле арт. 3581 КК. Паводле сцвярджэння прадстаўніка ведамства, у Беларусі Наканісі збіраў і перадаваў японскай спецслужбе “выведвальную інфармацыі вайсковага характару, у прыватнасці, пра беларускую вайсковую інфраструктуру, пра перамяшчэнне войскаў і вайсковай тэхнікі, пра цяперашнюю сітуацыю на паўднёвым кірунку”.

Японія і Беларусь заявілі адна адной пратэст: Токіа — з нагоды выхаду рэпартажу, Мінск — у сувязі са “шпіёнскай дзейнасцю” японскага грамадзяніна.

Падзяліцца: