Мінск 16:37

“Вясна”: У Беларусі па крымінальных справах рэпрэсавана не менш за 67 пенсіянераў

Галіна Дзербыш
Крыніца: сайт "Вясны"

1 кастрычніка, Позірк. Не менш за 67 чалавек пенсійнага ўзросту рэпрэсавана ў Беларусі ў рамках палітычна матываваных крымінальных спраў, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Статыстыку праваабаронцы апублікавалі з нагоды Дня пажылых людзей, які адзначаецца 1 кастрычніка.

Паведамляецца, што ў дачыненні да пенсіянераў прымяняецца шырокі спектр абвінавачванняў — ад “абразы прэзідэнта” (арт.368 Крымінальнага кодэкса) да “здрады дзяржаве” (арт. 356 КК) і “актаў тэрарызму” (арт. 289 КК).

У якасці прыкладу рэпрэсіўных практык прыводзіцца 20-гадовы тэрмін пазбаўлення волі, да якога прысуджаная па “справе Аўтуховіча” 63-гадовая палітзняволеная Галіна Дзербыш. Жыхарка аграгарадка Абухава Гродзенскага раёна мае анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам. На працягу 15 гадоў была незалежным назіральнікам на выбарах.

Таксама праваабаронцы нагадалі пра 69-гадовую Ірыну Мельхер. Па “справе Аўтуховіча” палітзняволеная асуджаная на 17 гадоў пазбаўлення волі.

У пачатку ліпеня праваабаронцы паведамілі аб выхадзе на волю 18 палітвязняў, які адбыўся пасля заявы Лукашэнкі аб вызваленні яго “вельмі цяжкахворых” апанентаў. У гэтую і наступныя групы вызваленых былі ўключаныя пенсіянеры, у тым ліку 67-гадовы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які пакутуе на анкалагічнае захворванне.

Усяго з ліпеня на волю па памілаванні выйшла 115 палітвязняў. Статус палітзняволеных за гэты перыяд атрымалі 142 чалавекі.

У няволі застаецца 1.317 чалавек, прызнаных палітычнымі зняволенымі.

Падзяліцца: