Мінск 16:30

У віншаванні Лукашэнкі Сі Цзіньпіну з нагоды гадавіны ўтварэння КНР не згаданае “жалезнае братэрства”

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

1 кастрычніка, Позірк. “Актыўнае ўзаемадзеянне Мінска і Пекіна абсалютна па ўсіх напрамках пацвярджае непахіснасць беларуска-кітайскай дружбы і ў поўнай ступені раскрывае патэнцыял усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства”, — такая фармулёўка ўтрымліваецца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі старшыні КНР Сі Цзіньпіну з нагоды 75-годдзя ўтварэння рэспублікі.

“Мінулыя тры чвэрці стагоддзя назаўжды ўпісаныя ў шматтысячагадовую гісторыю Кітая як час вялікіх перамог, патрыятычнай кансалідацыі і імклівага прагрэсу. За гэты перыяд ваша дзяржава дабілася сапраўды выдатных вынікаў, прадэманстраваўшы свету яркі прыклад самаадданасці, упартасці і стваральнай працы, якія сталі залогам поспехаў у палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурна-гуманітарным развіцці”, — лічыць Лукашэнка, якога цытуе яго прэс-служба.

Ён назваў Кітай “адным з асноўных гульцоў на сусветнай арэне, найбуйнейшай індустрыяльнай краінай з каласальным чалавечым і навукова-тэхнічным патэнцыялам”.

У паведамленні прэс-службы Лукашэнкі аб віншаванні няма згадкі “жалезнага братэрства”. Гэтае словазлучэнне выкарыстоўвалася ў пасланнях з нагоды ўтварэння КНР папярэднія два гады.

“У верасні 2022 года ў горадзе Самаркандзе мы павысілі ўзровень адносін да жалезнага братэрства, узорнага ўсебаковага стратэгічнага супрацоўніцтва і ўсепагоднага партнёрства”, — адзначаў Лукашэнка два гады таму.

Стратэгічнае партнёрства Беларусі і Кітая “дынамічна і плённа развіваецца ў духу ўсепагоднага сяброўства і жалезнага братэрства і прыносіць важкія вынікі”, гаварылася ў леташнім віншаванні.

Сёлета 24 чэрвеня прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда абмеркаваў у Пекіне з лідарам КНР крызіс на беларуска-польскай мяжы. Паводле слоў Дуды, “гібрыдная атака” (так ён назваў спробы масавага пранікнення нелегалаў з трэціх краін з тэрыторыі Беларусі, якія працягваюцца тры гады) на мяжы стала перашкодай для рэалізацыі кітайскай ініцыятывы “Пояс і шлях”.

На наступны дзень МЗС Кітая заявіў, што разлічвае на паважлівыя ўзаемаадносіны Польшчы і Беларусі і вырашэнне праблемы на мяжы “шляхам кансультацый”.

Падзяліцца: