Мінск 06:36

Ціханоўская: Рымскі статут МКС стане першай дамовай, ратыфікаванай Беларуссю пасля падзення дыктатуры

Прэс-канферэнцыя ў Гаазе
Фота: прэс-служба Паўла Латушкі

1 кастрычніка, Позірк. Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) стане першай дамовай, ратыфікаванай Беларуссю пасля падзення дыктатуры, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 1 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Гаазе (Нідэрланды).

Прэс-канферэнцыя прысвечаная накіраванню Літвой у МКС матэрыялаў аб злачынствах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў.

У “новай Беларусі”, падкрэсліла Ціханоўская, “не будзе месца ні міжнародным злачынствам, ні злачынцам, якія імкнуцца схавацца ад міжнароднага правасуддзя”, краіна “стане тэрыторыяй, на якую распаўсюджваецца юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суда”.

Ціханоўская назвала гэты дзень “гістарычным” і “які нясе надзею на справядлівасць і на тое, што ўсе вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці”. Яна падзякавала праваабаронцам, Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню і ўраду Літвы за праведзеную працу ў падрыхтоўцы згаданых дакументаў.

З 2020 года, адзначыла палітык, Беларусь “стала арэнай масавых злачынстваў і буйнамаштабных міжнародных злачынстваў”, у гэты перыяд улады выкарыстоўвалі супраць беларусаў “масавыя катаванні, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне, згвалтаванні і іншыя віды сексуальнага гвалту”, здзяйсняліся “гвалтоўныя знікненні, адвольныя турэмныя заключэнні і забойствы”.

“І ўсе гэтыя зверствы адбываюцца ў абстаноўцы поўнай беспакаранасці вінаватых”, — дадала Ціханоўская, падкрэсліўшы, што страх і пераслед “прымусілі сотні тысяч беларусаў пакінуць радзіму, пакінуўшы ўсё — жыццё, дамы і блізкіх”, больш за 300 тыс. чалавек сталі “ахвярамі злачынства дэпартацыі”.

Лукашэнка, паводле яе слоў, “не толькі высылае людзей за межы Беларусі, але і працягвае пераследваць іх за мяжой”, яны сутыкаюцца “з запалохваннем, пагрозамі гвалту, крымінальным пераследам родных і блізкіх, завочнымі судовымі працэсамі, экстэрытарыяльным пераследам, канфіскацыяй маёмасці, пазбаўленнем іншых асноўных правоў”.

“Гэтыя злачынствы можна прыраўняць да злачынстваў супраць чалавечнасці. Яны здзейсненыя вышэйшымі службовымі асобамі рэжыму супраць беларусаў у выгнанні. І часткова яны адбыліся на тэрыторыі краін, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда”, — адзначыла дэмлідар.

Ціханоўская заявіла, што свет павінен пачуць: “Беларускі рэжым здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці на тэрыторыі Еўрапейскага саюза”.

“Сёння мы заклікаем іншыя краіны падтрымаць перадачу Літвой справы ў МКС. Прадэманструйце сваю прыхільнасць ідэалам і каштоўнасцям дэмакратычнага свету і справядлівасці. Мы просім вас скарыстацца сваім правам, прадугледжаным артыкулам 14 Рымскага статута. Зрабіце гэта дзеля справядлівасці. Зрабіце гэта дзеля нас. Беларусы пакуль не могуць скарыстацца гэтым правам”, — заклікала Ціханоўская.

Пра тое, што ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы пра “трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя Аляксандрам Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў”, стала вядома 30 верасня. Матэрыялы перададзеныя па просьбе і на падставе дакументаў, падрыхтаваных НАУ.

Урад Літвы заявіў, што зрабіў гэта, бо “больш не можа сядзець склаўшы рукі”.

Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці ў МКС.

У каментарыі пракурора МКС Карыма Хана, апублікаваным 30 верасня на сайце суда, гаворыцца, што перадача дзяржавай — удзельніцай Рымскага статута заявы ў Міжнародны крымінальны суд не прыводзіць аўтаматычна да пачатку расследавання.

“Я магу пацвердзіць, што мой офіс правядзе папярэдняе расследаванне для вывучэння запыту ў межах юрысдыкцыі МКС і вызначыць на аснове ўстаноўленых законам патрабаванняў, ці ёсць разумныя падставы для пачатку расследавання”, — гаворыцца ў каментары.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў відэазвароце 30 верасня выказаў надзею на тое, што ў выніку перадача матэрыялаў у МКС “прывядзе да ордэра на арышт Лукашэнкі”.

Падзяліцца: