Мінск 19:23

Беларусь і Індыя “вызначылі перспектывы” супрацы ў вайсковай сферы на 2025 год

2 кастрычніка, Позірк. Перспектывы працы на 2025 год вызначаныя на сустрэчы прадстаўнікоў дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы (ДМВС) Міністэрства абароны Беларусі з вайсковым аташэ Індыі Навінам Ніджхаванам, паведаміў 2 кастрычніка начальнік ДМВС — памочнік міністра па пытаннях міжнароднага вайсковай супрацы Валерый Равенка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Паводле інфармацыі чыноўніка, бакі таксама “абмеркавалі рэалізацыю і вынікі сумесных мерапрыемстваў” у 2024 годзе.

Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы сёлета 4 студзеня экс-старшыню канцэрна “Беллеспаперапрам” Міхаіла Касько амбасадарам у Індыі, заявіў, што стасункі паміж краінамі дэградавалі.

13 сакавіка ў Нью-Дэлі Сяргей Алейнік, які займаў у той час пасаду кіраўніка МЗС, перадаў свайму калегу Субраманьяму Джайшанкару пасланне Лукашэнкі на адрас прэм’ер-міністра Нарэндры Модзі пра “беларуска-індыйскія стасункі і шляхі іх развіцця”.

Праз два тыдні, 27 сакавіка, Касько ўручыў даверчыя граматы прэзідэнту Індыі Драўпадзі Мурму. На сустрэчы бакі “падкрэслілі ўзаемны інтарэс <…> да больш шчыльнай супрацы ў эканамічнай, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і культурнай сферах”.

На наступны дзень у Варшаве намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка абмеркаваў з амбасадарам Індыі ў Польшчы Нагмай Махамед Малік сітуацыю ў Беларусі і праблемы, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі. Палітык перадаў дыпламату матэрыялы пра “сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, здзейсненыя рэжымам Лукашэнкі злачынствы супраць чалавечнасці, незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь, парушэнні правоў работнікаў на беларускіх прадпрыемствах, ролю рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі РФ супраць Украіны”. Латушка папрасіў Малік накіраваць гэтыя матэрыялы ў МЗС Індыі.

Віншуючы 10 чэрвеня Модзі з перамогай на парламенцкіх выбарах, Лукашэнка заявіў, што Мінск “поўны рашучасці вывесці двухбаковы дыялог” з Нью-Дэлі на “ўзровень стратэгічнага партнёрства”.

14 жніўня беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю агенцтву IANS заклікала Модзі выкарыстаць свой “вялікі ўплыў” для вызвалення палітвязняў у Беларусі. На думку палітыка, “Індыя можа адыграць вырашальную ролю не толькі ў тым, каб дапамагчы спыніць вайну Расіі супраць Украіны, але і ў тым, каб дапамагчы беларусам вырашыць крызіс”.

На наступны дзень Лукашэнка, віншуючы Мурму і Модзі з Днём незалежнасці, у чарговы раз заявіў, што Мінск разлічвае вывесці стасункі з Індыяй у палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах на “якасна новы ўзровень”.

17 жніўня ён, выступаючы па відэасувязі на ініцыяваным Індыяй трэцім “Форуме Глабальнага Поўдня”, паскардзіўся на заходнія абмежаванні ў дачыненні да экспарту беларускіх мінеральных угнаенняў.

Падзяліцца: