Мінск 01:24

Стратны Белкаапсаюз атрымае крэдыты пад гарантыі ўрада

Фота: officelife.media

2 кастрычніка, Позірк. Саўмін распарадзіўся прадаставіць у 2024–2026 гадах “Беларусбанку” і “Белаграпрамбанку” гарантыі ў пагашэнні асноўнага доўгу па крэдытах, якія выдаюцца на тэрмін да аднаго года арганізацыям Белкаапсаюза, гаворыцца ў пастанове ўрада ад 30 верасня № 720, якая апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнеце -партале.

Крэдыты пойдуць на разлікі арганізацый з беларускімі таваравытворцамі, створанымі імі унітарнымі прадпрыемствамі, арганізацыямі, якія ўваходзяць у склад холдынгаў з удзелам дзяржавы.

“Плата за прадастаўленне гарантый урада не спаганяецца”, — гаворыцца ў дакуменце.

5 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога шэраг крэдытаў і субсідый, а таксама бюджэтных сродкаў для ажыццяўлення сваёй дзейнасці змогуць атрымаць беларускія арганізацыі спажывецкай кааперацыі.

19 сакавіка прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на нарадзе аб мерах падтрымкі спажыўкааперацыі заявіў, што “сітуацыя ў Белкаапсаюзе дастаткова складаная, усе віды дзейнасці, якая ажыццяўляецца, акрамя нарыхтоўчай і вытворчасці, стратныя”.

Там жа ён паведаміў, што старшыня арганізацыі Інэса Караткевіч звярнулася да ўрада з просьбай аб “падтрымцы аўтамагазінаў (аўталавак. — “Позірк”.), дзейнасць якіх з’яўляецца стратнай, але важная для насельніцтва сельскай мясцовасці”, паколькі яны дастаўляюць “тавары не толькі першай неабходнасці, але і дастаткова шырокі асартымент для задавальнення ўсіх базавых патрэб”.

Караткевіч паведаміла, што “рэзерваў сістэмы спажыўкааперацыі недастаткова, каб самастойна пакрыць выдаткі і кампенсаваць планава стратную дзейнасць”.

Белкаапсаюз — гэта “унікальная структура, і страціць яе нельга”, заявіў 16 лютага Аляксандр Лукашэнка на агульным сходзе арганізацыі. Ягоная прэс-служба паведамляла, што Лукашэнка зрабіў акцэнт менавіта на аўтакрамах.

Белкаапсаюз атрымлівае падтрымку дзяржавы цягам апошніх дзесяцігоддзяў.

Падзяліцца: