Мінск 00:48

Галоўчанка заявіў аб актывізацыі паставак з Азербайджана імпартазамяшчальных тавараў

Алі Асадаў і Раман Галоўчанка
Фота: прэс-служба ўрада Азербайджана

3 кастрычніка, Позірк. Аб актывізацыі работы па пастаўках у Беларусь з Азербайджана прадукцыі “ў мэтах замяшчэння імпарту тавараў з недружалюбных краін”, заявіў 3 кастрычніка прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Пра яго сустрэчу ў Мінску з дэлегацыяй Азербайджана на чале з прэм’ер-міністрам Алі Асадавым паведамляе прэс-служба беларускага ўрада.

Паводле слоў Галоўчанкі, у Беларусі бачаць “істотную дынаміку імпарту” з Азербайджану, у прыватнасці, наладжаныя пастаўкі “тавараў хімічнай і плодаагародніннай прадукцыі”.

Чыноўнік заявіў аб неабходнасці “актывізаваць сумесную працу” па праектах, якія патрабуюць “больш пільнай увагі”: стварэнне ў Азербайджане сумеснай вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў, лакалізацыю вытворчасці беларускіх лекавых сродкаў, працу па пастаўцы ў Азербайджан “вагонаў рознага прызначэння”.

Беларуска-азербайджанскае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, “нягледзячы на вельмі складаныя працэсы, якія ў свеце адбываюцца, дэманструе ўпэўненую пазітыўную дынаміку”, сказаў прэм’ер. Паводле яго слоў, у 2023 годзе тавараабарот паміж краінамі вырас на 16%, за 7 месяцаў 2024-га — больш чым удвая да аналагічнага перыяду мінулага года. Дакладных лічбаў Галоўчанка не прывёў.

3 верасня паведамлялася, што ў студзені — ліпені 2024 года тавараабарот Азербайджана і Беларусі перавысіў 248,2 млн долараў, павялічыўшыся на 28,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Экспарт Азербайджана вырас на 44,8% і дасягнуў 24,4 млн долараў, імпарт з Беларусі — на 27,2%, да 222,8 млн. Доля гандлю з Беларуссю ў агульным тавараабароце Азербайджана за названы перыяд 2024 года склала 0,9% — на 0,3 працэнтных пункта больш, чым за тыя ж месяцы 2023-га.

3 кастрычніка з Асадавым сустракаўся ў Мінску Аляксандр Лукашэнка.

Падзяліцца: