Мінск 02:08

Гурт NaviBand стаў лаўрэатам прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава

Фота: "Позірк"

3 кастрычніка, Позірк. Лаўрэатам прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава стаў беларускі музычны гурт NaviBand.

Статуэтку калектыву перадала на цырымоніі ў Варшаве 3 кастрычніка дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Лаўрэатаў прэміі выбіраюць яе ўладальнікі мінулых гадоў.

Прэмія была заснаваная ў 2008 годзе з ініцыятывы першага лідара Руху “За Свабоду”, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандра Мілінкевіча. Як заяўлялася, узнагародай ганаруюцца людзі, якія ўнеслі “асаблівы ўклад у развіццё беларускай культуры, захаванне нацыянальнай гісторыі”. Пры выбары лаўрэата “ацэньваецца яго актыўная жыццёвая пазіцыя і канкрэтныя вынікі дзейнасці на ніве адраджэння Беларусі і дэмакратыі ў краіне”.

Раней прэмія імя Быкава ўручалася народным паэтам Беларусі Рыгору Барадуліну і Нілу Гілевічу, пісьменніку Уладзіміру Арлову, рок-музыканту Лявону Вольскаму, мастакам Алесю Пушкіну і Аляксею Марачкіну, паэту і палітыку Уладзіміру Някляеву і іншымі грамадскім дзеячам вядомым як у Беларусі, так і за яе межамі.

NaviBand — музычны гурт з Мінска, у 2017 годзе прадстаўляў Беларусь на міжнародным конкурсе песні “Еўрабачанне”. Лідарамі гурта з’яўляюцца муж і жонка Арцём Лук’яненка (вакал, гітара) і Ксенія Жук (вакал). Пасля падзей 2020 года гурт пакінуў Беларусь, працягвае творчую дзейнасць у эміграцыі.

Падзяліцца: