Мінск 19:53

Ціханоўская абмеркавала з BelPol “планы санкцыйнага ціску” на рэжым Лукашэнкі

Крыніца: BelPol

3 кастрычніка, Позірк. “Сумесныя планы санкцыйнага ціску на мінскі рэжым” абмеркавалі на сустрэчы ў Варшаве дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі аб’яднання былых сілавікоў BelPol.

У тэлеграм-канале BelPol паведамляецца, што сустрэча прайшла ў офісе арганізацыі.

Адзначаецца, што бакі таксама абмеркавалі “механізмы і алгарытмы ўзаемадзеяння BelPol, офіса Святланы Ціханоўскай і іншых беларускіх дэмакратычных арганізацый” са структурамі Еўрасаюза, у тым ліку па “магчымай верыфікацыі беларусаў, якія звяртаюцца для адміністрацыйных працэдур”.

BelPol праінфармаваў Ціханоўскую пра змест перададзенага ў Міжнародны крымінальны суд (МУС) у Гаазе дакладу аб перамяшчэнні ў Беларусь дзяцей з акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторый, іх “мілітарызацыі і палітычнай індактрынацыі”, гаворыцца ў паведамленні.

Аб перадачы ў МУС “новых доказаў непасрэднага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі” ў перамяшчэнні ў Беларусь украінскіх дзяцей заявіў 24 верасня на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” ўкраінскі праграмны дырэктар праваабарончай арганізацыі Freedom House Юрый Юркевіч.

Паводле яго слоў, з акупаваных Расіяй тэрыторый было перавезена больш за 2.200 дзяцей, гэта рабілася з мэтай іх “палітычнай індактрынацыі і мілітарызацыі адукацыі”.

Акрамя Freedom House, падкрэсліў Юркевіч, у падрыхтоўцы амаль 90 дакументаў удзельнічалі ўкраінскі цэнтр правоў чалавека ZMINA і Рэгіянальны цэнтр па правах чалавека.

Праваабаронцы анансавалі публікацыю 4 кастрычніка ўласнага расследавання аб перамяшчэнні дзяцей у Беларусь. Юркевіч выказаў падзяку за дапамогу ў яго падрыхтоўцы BelPol і праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

Святлана Ціханоўская наведвае польскую сталіцу 1–4 кастрычніка.

Падзяліцца: