Мінск 19:49

Мінулы верасень стаў найцяплейшым за ўвесь перыяд метэаназіранняў і цяплейшым за чэрвеньскую норму

Краявід у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці
Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

3 кастрычніка, Позірк. Верасень 2024 года стаў найцяплейшым за ўвесь перыяд інструментальных метэаназіранняў (з 1881 года. — “Позірк”.), паведамляе Белгідрамет.

Сярэдняя тэмпература склала 17,5 градуса — вышэй за кліматычную норму на 4,8 градуса (+12,7).

Найбольшая анамалія назіралася ў Магілёўскай вобласці (вышэй за норму на 5,3 градуса), найменшая — у Віцебскай (на 4,4).

Максімальнага значэння (+32) тэмпература паветра дасягнула днём 1 верасня ў Акцябрскім (Гомельская вобласць). Халадней за ўсё (+0,8) было ў Лынтупах (Віцебская вобласць). Упершыню за многія гады ў верасні абышлося без замаразкаў.

Мінулы верасень апынуўся цяплейшым за без таго вельмі цёплы травень (+14,9 пры норме +13,4) і цяплейшым за кліматычную норму чэрвеня (+17).

Паводле падлікаў “Позірку”, за месяц перакрыта 195 тэмпературных рэкордаў.

Верасень 2023 года быў найцяплейшым пасля 1945 года з сярэдняй тэмпературай 16,2 градуса (вышэй за норму на 3,5). Тады было перакрыта 189 рэкордаў.

За мінулы месяц у сярэднім па краіне выпала 26 мм ападкаў, што склала 47% кліматычнай нормы. Верасень 2024 года заняў 8-е месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага сухога да самага вільготнага, пачынаючы з 1945 года. На большай частцы тэрыторыі выпала ад 40% да 80% нормы ападкаў. У паўночных, усходніх і заходніх рэгіёнах іх выпала значна менш. На станцыях Полацк, Докшыцы, Мсціслаў і Касцюковічы абноўлены гістарычны месячны мінімум сумы ападкаў. На крайнім паўднёвым захадзе адзначаўся іх лішак. У Брэсце абноўлены гістарычны сутачны максімум ападкаў (81 мм, або 81 л вады на квадратны метр тэрыторыі).

Падзяліцца: