Ціханоўская: Калі ў Беларусі вынішчаецца нацыянальная культура, нам важна захаваць сваё
4 кастрычніка, Позірк. У кожнага свой шлях да беларушчыны, але важна, што ў шмат каго з беларусаў адна агульная мэта — шанаваць і бараніць сваю культуру і традыцыі. Такое меркаванне выказала на ўручэнні адноўленай прэміі “За свабоду думкі” дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 3 кастрычніка ў Варшаве.
“Па шчырасці, я многім з вас зайздрошчу, бо я толькі зараз адкрываю для сябе Беларусь нанова. У мяне не было ў дзяцінстве беларускіх кніжак ці беларускамоўных сяброў. Я не адрывалася на канцэртах Лявона Вольскага, дома ў нас не стаяла “талерка” з “Белсатам”. І мне дагэтуль не давялося пабываць на радзіме Васіля Быкава ў Бычках. Але паверце, я ўсё навярстаю, у тым ліку дзякуючы вам усім”, — заявіла Ціханоўская.
Паводле яе слоў, у кожнага свой шлях да беларушчыны і гэта нармальна.
“Важна, што ў нас адна агульная мэта на ўсіх. І цяпер, калі ў самой Беларусі нацыянальная культура пераследуецца і вынішчаецца, каб дагадзіць “рускаму свету”, нам як ніколі важна шанаваць і бараніць сваё: сваю культуру і свае традыцыі. Прэмія “За свабоду думкі” — адна з такіх традыцый”, — упэўненая дэмлідар.
Яна нагадала, што адзін з лаўрэатаў прэміі, выбітны мастак Алесь Пушкін, быў “забіты за кратамі, забіты менавіта за свабоду думкі і творчасці, якая так перашкаджала злачыннаму рэжыму”.
Яшчэ два лаўрэаты — Зміцер Дашкевіч і Павел Севярынец — знаходзяцца за кратамі. “Няхай яны ведаюць, што мы пра іх памятаем і будзем змагацца за іх вызваленне”, — падкрэсліла Ціханоўская.
Палітык дадала, што, нягледзячы на свой традыцыйны песімізм, Васіль Быкаў “верыў у адвагу беларусаў”. “І ён меў рацыю, бо нашы людзі — гэта надзея і наш галоўны нацыянальны скарб. У самых неспрыяльных абставінах мы не крычалі, што ўсё прапала, а працягвалі рабіць сваё. Гэтак сама і цяпер я абсалютна ўпэўненая, што мы вернем сабе і адродзім сваю краіну”, — сказала яна.
Прэмію “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава ўручалі з 2008 года ў Бычках (Ушачскі раён Віцебскай вобласці), на радзіме пісьменніка. Яе заснавальнікам стаў кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч, які выдаткаваў на арганізацыю атрыманую аднайменную прэмію Еўрапарламента імя Андрэя Сахарава.
“Калі я выступаў на ўручэнні, я сказаў, што гэта прэмія атрымліваецца не мной, а беларусамі, якія змагаюцца за свабоду, жывуць у краіне, мараць пра незалежнасць, беларускасць Беларусі, каб яна была еўрапейскай, — адзначыў Мілінкевіч падчас уручэння прэміі ў Варшаве. — Доўга нам не давялося разважаць, якое імя даць гэтай прэміі. Андрэй Сахараў — вялікі расійскі дысідэнт, легендарная асоба, але ў нас ёсць свой чалавек. Легендарная асоба, якая таксама змагалася за праўду”.
Паводле слоў Мілінкевіча, Быкаў — “сімвал, змагар за праўду, а праўды больш за ўсё не хапае пры дыктатурах”.
Згодна з задумкай арганізатараў сябрамі журы прэміі з’яўляюцца пераможцы мінулых гадоў, якія абіраюць новых лаўрэатаў.
У каментары “Позірку“ заснавальнік прэміі прыгадаў, што лаўрэаты маюць “дадатковую легітымнасць”, бо гэта “клуб прадэмакратычны, прабеларускі”: “Першы раз, у 2008-м, мы звярнуліся да 32 самых вядомых беларусаў і папрасілі іх назваць, каго яны бачаць лаўрэатамі. І раўнютка адзін у адзін набралі Барадулін, Арлоў і Севярынец”, — адзначыў Мілінкевіч.
Паводле яго словаў, цяпер павінна было быць 15 лаўрэатаў, але чацвёра ўжо адышлі і ёсць людзі ў турме.
Прэмія ўручалася 11 гадоў запар, але ў яе арганізацыі быў зроблены перапынак: спачатку праз кавід, пасля з палітычных прычын.
У розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся: паэты і пісьменнікі Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, грамадскія дзеячы Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч (цяпер палітвязні), мастакі Алесь Пушкін (палітвязень, памёр у турме), Алесь Марачкін, краязнаўцы Ада Райчонак, Алесь Белакоз, Глеб Лабадзенка, музыкі Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Віктар Шалкевіч, рэжысёр Валер Мазынскі.
На сёлетняй цырымоніі ў Варшаве прэмію ўручылі гурту NaviBand.
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за 11 месяцаў 2024 года выраслі на 23,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаШосты дзень запар актыўнасць нелегальных мігрантаў фіксуецца толькі на польскім напрамкуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка