Мінск 14:50

Лукашэнка зноў заявіў пра неабходнасць “адраджэння Палесся”

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

4 кастрычніка, Позірк. Аб неабходнасці “вярнуцца да пытання адраджэння Палесся” заявіў Аляксандр Лукашэнка 4 кастрычніка падчас наведвання сельгаспрадпрыемства “Парахонскае” ў рамках рабочай паездкі ў Пінскі раён Брэсцкай вобласці.

“Калісьці мы падступаліся да Палесся. І была прынятая праграма па адраджэнні Палесся. Як у нас, у чыноўнікаў, бывае: паварушыліся туды-сюды і на гэтым скончылі. Нешта зрабілі, нешта не”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

У пытанні адраджэння Палесся варта “не распыляць сродкі”, дадаў ён, даўшы ўраду “каманду” сканцэнтравацца на “нейкіх буйных праектах”.

Лукашэнка ўдакладніў, што гаворка ідзе аб тэрыторыях ад Пінска ў бок Мазыра (Гомельская вобласць). У Мазырскім раёне, паводле яго сцвярджэння, ёсць “сродкі для ўласнага развіцця, маецца магутная вытворчая база”. Але і “на іншыя раёны Палесся трэба дадаткова звярнуць увагу”, адзначыў ён.

“Узорам таго, як і што трэба рабіць”, Лукашэнка назваў землі ААТ “Парахонскае”, дзе дасягнуты “высокі ўзровень гаспадарання і развіцця сацыяльнай сферы”. “Чыста, прыгожа”, — сказаў ён.

Курыраваць пытанне “адраджэння Палесся” Лукашэнка даручыў свайму ўпаўнаважанаму прадстаўніку ў Брэсцкай вобласці Міхаілу Русаму.

“Зробіце за пяць гадоў — вы героі. Трэба зрабіць, як у “Парахонскім”. Калі мы Палессе прывядзем у парадак, мы толькі за кошт Палесся накормім усю краіну. Палессе кінуць нельга”, — заявіў ён, звярнуўшы ўвагу, што з прычыны “больш цёплага клімату трэба асвойваць вырошчванне новых, больш паўднёвых культур”. Таксама, паводле яго слоў, неабходна “думаць і над укараненнем тэхналогій арашэння зямель”.

Адметна, што 21 ліпеня 2020 года перад прэзідэнцкімі выбарамі Лукашэнка таксама казаў, што лічыць адраджэнне Палесся адным з найважнейшых участкаў сваёй працы. Ён сказаў на сустрэчы з актывам Гомельскай вобласці: “Я вельмі люблю тут бываць, душой прыкіпеў да гэтых месцаў. Калі я быў тут у першыя гады прэзідэнцтва, карціна была жудасная. Я пайшоў па гэтай вёсцы. Да мяне збегліся людзі. І калі мы ўжо ўсталявалі добры кантакт, людзі папрасілі (што б вы думалі?) — хлеба. Гэта мяне ўразіла. Цяжкія былі часы, але тое, што ў вёсцы не было хлеба, мяне ўразіла”.

20 гадоў таму, 27 красавіка 2004 года, Лукашэнка заяўляў, што на Палессі “неабходна аднавіць землі, аб’екты аховы здароўя, прывесці ў парадак населеныя пункты, гарады, аб’екты меліярацыйнай сістэмы”.

Тады Лукашэнка сказаў, што размовы пра тое, што “нібыта ў савецкія часы [ўлады] дарэмна ўлезлі ў прыроду Палесся, асушылі і пераасушылі, раўнасільныя неабгрунтаванаму запалохванню людзей наступствамі Чарнобыльскай трагедыі”.

Больш за 20 гадоў у Беларусі актыўна займаліся меліярацыяй. За 2011–2015 гады выканана рэканструкцыя меліярацыйных сістэм і праведзена асушэнне зямель на плошчы 283 тыс. га, за 2013–2014 асушана 130 тыс. га, за 2015–2020 — 184 тыс. га.

У 2022 годзе навукоўцы ўказвалі, што 10% глебаў на тарфяніках, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, у рознай ступені дэградаваныя. Калі ў 2012 годзе ў Беларусі было 212 тыс. га дэградаваных тарфянікаў, у 2022 годзе — 312 тыс. га. Асноўная маса зямлі, схільнай ветравой эрозіі, знаходзіцца на Палессі, дзе актыўна праводзілася меліярацыя.

Падзяліцца: