Мінск 20:38

Беларускі біскуп Яшэўскі ў Ватыкане сустрэўся з папам Францішкам (дапоўнена)

Фота: старонка Яшэўскага ў "Інстаграме"

дапоўнены абзац 2, дададзеныя абзацы 8–10

5 кастрычніка, Позірк. Сустрэча дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага з папам рымскім Францішкам адбылася ў Ватыкане.

“Паразмаўляў сёння са Святым Айцом Францішкам. Ніхто нам не перашкаджаў. Не было іншых удзельнікаў у чарзе да Папы, таму мы сёння даўжэй паразмаўлялі. З благаслаўленнем Пантыфіка для ўсёй Беларусі я шчаслівы адыйшоў ад Святога Айца”, — каротка адзначыў беларускі іерарх 4 кастрычніка на сваёй старонцы ў “Інстаграме”, суправадзіўшы паведамленне сумесным фатаздымкам.

Яшэўскі прадстаўляе каталіцкі касцёл у Беларусі на другой сесіі XVI Звычайнай генеральнай асамблеі сіноду біскупаў, якая праходзіць з 2 кастрычніка.

Сутнасць размовы невядомая. Зала друку Святога Пасаду пра асабістую сустрэчу не паведамляе, не згадвае пра яе і афіцыйны партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

19 верасня ў агульнай сустрэчы новапрызначаных біскупаў з пантыфікам браў удзел дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. На той сустрэчы беларускі іерарх запытаўся, што трэба зрабіць, каб спыніць вайну паміж Расіяй і Украінай. На гэта, паводле яго слоў, папа Францішак адказаў: “Вы ў Беларусі добра ведаеце, што ніколі нельга закрываць дзверы для перагавораў, што трэба трымаць іх адкрытымі”.

Пантыфік, паводле слоў Зноскі, таксама заявіў, што “ведае Беларусь”, прасіў “перадаць прывітанне прэзідэнту Лукашэнку” і заклікаў “ніколі не губляць надзею і верыць у пераможную моц малітвы”, бо “толькі такі шлях да міру” ён бачыць для вернікаў.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі. Некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты з палітычных матываў, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Рэпрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў каталіцкага касцёла працягваюцца.

5 кастрычніка ініцыятыва “Хрысціянская візія” заявіла, што працягваецца ціск на прызнанага палітвязнем пробашча парафіі Маці Божай Фацімскай (Шуміліна, Віцебская вобласць) Анджэя Юхневіча, які находзіцца ў няволі з 8 траўня. Святару, паведаміла ініцыятыва са спасылкай на ўласныя крыніцы, паграшаюць, што ў дачыненні да яго могуць сфабрыкаваць абвінавачанніў злачынствах супраць сексуальнай недатыкальнасці непаўналетніх.

Паводле інфармацыі “Хрысціянскай візіі”, з такімі пагрозамі сутыкаліся і іншыя служыцелі касцёла ў Беларусі, аднак “выпадкі падобных злачынстваў так і не былі даказаныя”. Разам з тым, падкрэслівае ініцыятыва, “сам факт выстаўлення такіх абвіначванняў можа прывесці да разбурэння рэпутацыі чалавека”.

Юхневіча пасля затрымання чатыры разы запар арыштоўвалі паводле арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). На пачатку ліпеня стала вядома, што ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа, але дагэтуль невядома, паводле якога менавіта артыкула.

Каталіцызм — другая паводле колькасці паслядоўнікаў хрысціянская канфесія ў Беларусі. У краіне каля 1,5 млн католікаў, у тым ліку больш за 10 тыс. грэка-каталікоў. Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.

Падзяліцца: