Мінск 21:54

Прызнаны “тэрарыстам” Вячорка ўключаны таксама ў “спіс экстрэмістаў”

Фота: старонка Франака Вячоркі ў сацсетцы "Х"

6 кастрычніка, Позірк. У пералік “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”, 4 кастрычніка дададзена яшчэ 13 чалавек, цяпер у спісе, апублікаваным на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, 4.489 пазіцый.

Усе ўнесеныя ў абноўлены спіс людзі асуджаныя паводле крымінальных артыкулащ, якія ўлады выкарыстоўваюць для палітычнага пераследу.

Сямёра прызнаныя палітвязнямі: Антон Шарупа, Алег Півавар, Віталь Лескавец, Надзея Лескавец, Аляксандр Бародзіч, Ерванд Марцірасян, Іна Плахатнюк.

Насупраць шасці прозвішчаў у спісе стаіць адзнака “адбывае пакаранне”, насупраць Плахатнюк — “судзімасць не пагашаная”.

Марцірасян з’яўляецца грамадзянінам Арменіі. Пасля затрымання 9 траўня 2024 года асуджаны на два гады пазбаўлення волі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта).

Таксама ў “спіс экстрэмістаў” уключаныя Ігар Церашкоў, Аляксей і Людміла Паўловічы (ва ўсіх “судзімасць не пагашаная”), Юрый Рукшта і Яўген Барысенка (“адбываюць пакаранне”).

Як “адбываючы пакаранне” ў пераліку ўказаны і галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, шматгадовы актывіст апазіцыі Франак Вячорка, які пражывае за межамі Беларусі.

3 кастрычніка Камітэт дзяржбяспекі ўключыў Вячорку ў пералік “арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.

“Гэта паказвае усю абсурднасць, усю нікчэмнасць лукашэнкаўскага рэжыму. Мабыць, ім карціць адпомсціць, але не ведаюць як, дык выдумляюць нягеглыя прысуды, дадаюць у тэрарыстычныя спісы”, — сказаў палітык з гэтай нагоды “Позірку”.

Вячорка 20 чэрвеня быў завочна прыгавораны Мінскім гарадскім судом да 20 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з яго штраф у памеры 1,5 тыс. базавых велічынь (60 тыс. рублёў).

36-гадовага палітыка абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч. 1 і 2 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім, у тым ліку паўторна), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта), арт. 3691 (дыскрэдытацыя Беларусі). Судовая калегія Вярхоўнага суда 10 верасня пакінула прысуд без зменаў.

Падзяліцца: