Мінск 17:25

У выпадку нападу Украіны на Беларусь Лукашэнка зможа выкарыстоўваць ТЯЗ з дазволу Крамля — Мядзведзеў

Крыніца: wikimedia.org

6 кастрычніка, Позірк. У выпадку нападу Украіны на Беларусь Аляксандр Лукашэнка зможа выкарыстоўваць расійскую тактычную ядзерную зброю (ТЯЗ) з дазволу Масквы, вынікае з запісу ў тэлеграм-канале намесніка кіраўніка Савета бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева.

“[У такой сітуацыі] у Аляксандра Рыгоравіча будзе поўная падстава звярнуцца да Расіі для выкарыстання размешчанай ў Беларусі ТЯЗ. І яму цяжка будзе адмовіць у задавальненні паглядзець на агеньчыкі ў Кіеве”, — заявіў Мядзведзеў.

Такім чынам ён адрэагаваў на словы дэпутата Вярхоўнай рады Украіны ад кіроўнай партыі “Слуга народа” Алега Дунды, які на 13-м “Форуме свабоднай Расіі” (праходзіў 4–5 кастрычніка ў Вільнюсе) заявіў пра неабходнасць “перанесці вайну ў Беларусь”.

“Я глыбока ўпэўнены [ў гэтым]. Зайшоўшы адносна невялікім падраздзяленнем у Беларусь, беларускае войска складзе сваю зброю. Гэта нават не ўпэўненасць, гэта веданне. Я б так сказаў. А гэта вялікі ўдар пад дых Маскве”, — перадае словы дэпутата “Белсат”.

Дунда мяркуе, што тым самым можна паказаць Расіі, што яна не кантралюе Беларусь. “Яна не гатовая абараняць гэтыя тэрыторыі”, — сказаў парламентарый.

Масква “пакідае за сабой права” ўжыць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі, заявіў Уладзімір Пуцін на пасяджэнні Савета бяспекі РФ 25 верасня.

“З беларускім бокам, з прэзідэнтам Беларусі ўсе гэтыя пытанні ўзгодненыя. У тым ліку калі праціўнік, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае крытычную пагрозу нашаму суверэнітэту”, — сказаў прэзідэнт РФ.

15 жніўня ў інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “ў выпадку агрэсіі ў дачыненні да Беларусі, Расія ўводзіць свае падраздзяленні ў Беларусь”. Мінск, паводле яго слоў, прымае “першы ўдар, а далей — падстрахоўвае Расія”.

Адказваючы на пытанне, ці гатовы ён у выпадку неабходнасці націснуць “чырвоную кнопку”, якая санкцыянуе прымяненне ядзернай зброі, Лукашэнка выказаў меркаванне, што “па перыметры Беларусі і Расіі ўжо панаціскалі “чырвоныя гэтыя кнопкі”. “Засталося толькі “самую чырвоную” націснуць. Таму ў маральных адносінах, напэўна, нам з Пуціным, прымаючы такія рашэнні, так нават ужо неяк і нязручна пра гэта казаць”, — заявіў ён.

30 чэрвеня начальнік Генеральнага штаба — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка заявіў, што Беларусь разглядае “вяртанне <…> нестратэгічнай ядзернай зброі як стрымліваючы фактар”.

11 чэрвеня Мінабароны РФ паведаміла аб пачатку другога этапу вучэнняў па ўжыванні нестратэгічнай ядзернай зброі. Напярэдадні аб удзеле беларускіх вайскоўцаў у гэтым этапе манеўраў заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін.

Падзяліцца: