Мінск 06:44

У праверцы боегатоўнасці арміі ўдзельнічаюць вайскоўцы запасу

Фота: Мінабароны

6 кастрычніка, Позірк. У праверцы злучэнняў і вайсковых частак Узброеных сіл (УС) удзельнічаюць вайскоўцы, прызваныя з запасу, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Яны прыцягнутыя да тактыка-спецыяльных вучэнняў, якія праходзяць “у адной з вайсковых частак ВПС і войскаў СПА”, адзначае ведамства.

Вучэннямі кіруе камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёр Андрэй Лук’яновіч.

“Падраздзяленні здзяйсняюць марш у прызначаныя раёны, дзе асабоваму складу трэба будзе выканаць комплекс мерапрыемстваў па інжынернаму абсталяванню, маскіроўцы, а таксама арганізацыі аховы і абароны размяшчэння войскаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Мэтай вучэнняў вызначана “ўдасканаленне практычных навыкаў камандзіра і службовых асоб штаба ў бесперапынным і ўстойлівым кіраванні падраздзяленнямі ва ўмовах складанай, зменлівай абстаноўкі”.

Пра пачатак чарговага этапу праверкі злучэнняў і вайсковых частак Узброеных сіл Мінабароны паведаміла 30 верасня. Праверка праводзіцца пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба УС — намесніка міністра абароны Паўла Муравейкі.

Адзначалася, што “асноўны акцэнт” праверкі будзе зроблены на “гатоўнасці і здольнасці выконваць задачы па прызначэнні воінскімі часцямі і падраздзяленнямі” Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.

“Мерапрыемствы праверкі будуць планава нарошчвацца з задзейнічаннем для выканання вучэбна-баявых задач усіх палігонаў Узброеных сіл”, — заяўляла ведамства.

Мінабароны папярэдзіла, што “падчас праверкі запланаванае перамяшчэнне вайсковай тэхнікі, магчымае часовае абмежаванне руху грамадзянскага транспарту па дарогах агульнага карыстання і ўчастках мясцовасці”.

З 21 чэрвеня праводзілася раптоўная праверка гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных сіл “да выканання задач па прызначэнні”. Праверка праводзілася на палігонах і ўчастках мясцовасці ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Перад гэтым Дзяржпамежкамітэт заявіў, што Украіна канцэнтруе цяжкае ўзбраенне на мяжы з Беларуссю.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі безупынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння адносін з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: