Мінск 18:15

Не менш за 66 чалавек, якія вярнуліся з-за мяжы, асудзілі з палітычных матываў — праваабаронцы

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

7 кастрычніка, Позірк. У Беларусі не менш за 66 чалавек, якія вярнуліся з-за мяжы, асудзілі па палітычна матываваных крымінальных справах, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Адзначаецца, што такіх выпадкаў можа быць больш, бо вядомыя не ўсе факты затрыманняў.

Цяпер у месцах пазбаўлення волі знаходзіцца сама меней 36 чалавек, якія вярнуліся на радзіму і былі затрыманыя.

З іх самы вялікі тэрмін пазбаўлення волі ў палітвязня Яраслава Саковіча. Ён пражываў ва Украіне, але вярнуўся ў Беларусь у 2021 годзе праз хворых бацькоў. Паводле звестак “Вясны”, супрацоўнікі КДБ затрымалі мужчыну і “катавалі яго ўсю ноч, каб выбіць прызнанне ў тым, што раней ён ваяваў на баку Украіны”. Сілавікі, як сцвярджаецца, тэлефанавалі жонцы Саковіча — грамадзянцы Украіны — і “абяцалі выслаць яго галаву”. Мужчыну адпусцілі, але праз год, 5 жніўня 2022-га, зноў затрымалі ў рамках крымінальнай справы.

Мужчыну некалькі разоў судзілі, у выніку ён быў прыгавораны да 11 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў), арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і арт. 356 (здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса.

Паводле інфармацыі “Вясны”, некаторых затрыманых адпраўляюць на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную бальніцу. Напрыклад, так зрабілі з палітзняволенай мастачкай Нэлі Алфёравай.

У 2020 годзе жанчына была назіральніцай на прэзідэнцкіх выбарах. Праваабаронцам вядома некалькі фактаў адміністрацыйнага пераследу Алфёравай пасля 2020 года. Напрыканцы 2021-га яна з’ехала з сынам у Польшчу, але неўзабаве вярнулася.

У чэрвені 2024 года Алфёраву прызналі вінаватай паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і адправілі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Жанчына ўнесена ў “спіс экстрэмістаў”. Праваабаронцы высвятляюць, з кім застаўся яе непаўналетні сын, які мае інваліднасць.

13 верасня праваабаронцы паведамілі, што ад пачатку гэтага года больш за 55 чалавек затрымалі пры вяртанні ў Беларусь, у дачыненні да 17 з іх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы.

Падзяліцца: