Мінск 05:25

Амбасадар Беларусі выказаў зацікаўленасць у пастаўках іранскіх лекаў — СМІ

7 кастрычніка, Позірк. Зацікаўленасць у пастаўках у Беларусь іранскіх лекаў і медыцынскіх інструментаў выказаў 6 кастрычніка на сустрэчы з міністрам аховы здароўя, лячэння і медыцынскай адукацыі Ірана Махамадам Рэзай Зафаркандзі амбасадар Беларусі ў гэтай краіне Дзмітрый Кальцоў, паведаміла выданне Tehran Times.

Пры гэтым дыпламат спаслаўся на той факт, што Іран на 98% забяспечвае сябе неабходнымі лекавымі сродкамі.

Паводле яго слоў, міністр аховы здароўя Беларусі Аляксандр Хаджаеў жадае наведаць Іран для развіцця супрацоўніцтва ў галіне медыцыны і падпісання міжведамаснага мемарандума аб узаемаразуменні.

Заўважыўшы, што ў беларускіх медыцынскіх універсітэтах ужо навучаецца вялікая колькасць іранскіх студэнтаў, Кальцоў падкрэсліў, што беларускі бок гатовы да далейшага павелічэння іх колькасці.

Зафаркандзі са свайго боку прапанаваў стварыць двухбаковую працоўную групу па супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя і разгледзець магчымасць абмену студэнтамі, якія навучаюцца ў медыцынскіх ВНУ абедзвюх краін.

Ён таксама нагадаў аб плённым, на яго думку, візіце ў Беларусь у верасні 2023 года свайго намесніка Абальфазла Багерыфарда.

14 чэрвеня Хаджаеў заявіў, што лекі заходніх вытворцаў замененыя на беларускім рынку аналагамі з Расіі, Індыі, Бангладэш і Арменіі.

Паводле яго слоў, аналагі з’явіліся пасля таго, як “некаторыя замежныя вытворцы і пастаўшчыкі альбо цалкам спынілі імпарт прэпаратаў” у Беларусь, альбо “з-за ўзніклых лагістычных і іншых праблем не змаглі выконваць заключаныя кантракты”.

Хаджаеў таксама паведаміў, што дзеля скарачэння тэрмінаў рамонту высокатэхналагічнага медыцынскага абсталявання “прынятыя меры па дыверсіфікацыі паставак запчастак з Кітая, Расіі, Ірана і Турцыі”.

У студзені начальнік аддзела знешніх сувязяў Міністэрства аховы здароўя Анатоль Грушкоўскі на пасяджэнні 154-й сесіі выканкама Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) абвінаваціў краіны Захаду ў палітычным характары спынення паставак важных медыкаментаў.

У сакавіку 2023 года прадстаўнік СААЗ у Беларусі Сяргей Дыярдзіца, адказваючы на пытанне журналістаў, ці паўплывалі заходнія санкцыі на забеспячэнне насельніцтва лекамі, заявіў, што медпрэпараты дастаўляліся ў краіну, нягледзячы на цяжкасці лагістыкі.

Згодна з іранскай статыстыкай, з 21 сакавіка 2023 года да 19 сакавіка 2024-га (1402 год паводле іранскага календара) экспарт Ірана ў Беларусь вырас на 34% і дасягнуў 20 млн долараў, Беларускія пастаўкі ў гэтую краіну павялічыліся на 35% і склалі 59 млн долараў.

Асноўнымі экспартнымі артыкуламі Ірана ў Беларусь у згаданы перыяд былі падлогавыя пакрыцці, дываны, парашковая фарба і мінеральнае масла.

Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны з Іранам 31 год таму. Актуальныя звесткі аб узаемным тавараабароце Мінск у адкрытым доступе не публікуе. У кастрычніку 2023 года прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заяўляў, што ў 2022 годзе ўзаемны тавараабарот вырас утрая, а даныя 2023 года, якія былі на той момант, фіксавалі рост узаемных паставак яшчэ на 25%.

Падзяліцца: