Мінск 08:19

Партыя “Белая Русь” адправіла дапамогу жыхарам у Курскай вобласці РФ, “пацярпелым ад украінскай агрэсіі”

Старшыня "Белай Русі" Алег Раманаў
Архіўнае фота: прэс-служба Палаты прадстаўнікоў

8 кастрычніка, Позірк. Праўладная партыя “Белая Русь” сабрала каля 60 т гуманітарнай дапамогі для жыхароў Курскай вобласці Расіі, паведаміў дзяржаўны тэлеканал СТБ са спасылкай на партыйнага лідара, кіраўніка аднайменнага грамадскага аб’яднання і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Раманава.

Першую частку — больш за 15 тон грузу, у які ўвайшлі прадукты, медыкаменты, цёплыя рэчы, дзіцячыя і гігіенічныя тавары, а таксама бытавая тэхніка, — адправілі з Мінска 7 кастрычніка. Другая пастаўка чакаецца на гэтым жа тыдні.

Раманаў выказаў упэўненасць, што яго партыя “і ў цэлым грамадзяне Беларусі, беларуская грамадзянская супольнасць зможа аказаць істотную дапамогу братам-расіянам, якія пацярпелі ад украінскай агрэсіі”.

Пра тое, што аперацыя Узброеных сіл Украіны ў прыгранічнай Курскай вобласці РФ, што пачалася 6 жніўня, стала адным з адказаў Кіева на поўнамаштабную вайну, якую Крэмль вядзе супраць украінскага народа з 24 лютага 2022 года, кіраўнік “Белай Русі” не сказаў.

Збор і дастаўку гуманітарнай дапамогі “ў расійскія рэгіёны, якія пацярпелі ад баявых дзеянняў”, Раманаў анансаваў яшчэ напрыканцы жніўня. “Мы кажам як пра Курскую вобласць, так і пра Данбас, Запарожскую і Херсонскую вобласці”, — сказаў ён, прылічыўшы да “расійскіх рэгіёнаў” анексаваныя РФ тэрыторыі Украіны.

Максімальна лаяльная Аляксандру Лукашэнку партыя “Белая Русь” заснаваная ў сакавіку і зарэгістраваная ў траўні 2023 года. Зявілася на базе аднайменнага грамадзкага аб’яднаньня (пры яго захаванні), створанага ў 2007 годзе для дэманстрацыі нібыта шырокай падтрымкі курсу ўладаў.

15 лютага 2024 года “Белая Русь” і расійская партыя ўлады “Адзіная Расія” падпісалі пагадненне “аб узаемадзеянні і супрацы”.

Падзяліцца: